Крызіс дабраўся і да «Атланта» - завод уразае зарплаты
- 16.02.2009, 12:41
Завод халадзільнікаў «Атлант» зніжае заробкі і не працягвае кантракты з пенсіянерамі.
Тарыфная стаўка I разраду на ЗАТ «Атлант» знізілася на 17%. Пры гэтым, як паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» старшыня прафкама прадпрыемствы Валеры Нікалаенка, гэтае рашэнне датычыць ўсяго больш чым 12-тысячнага прадпрыемства – ад дырэктара да працоўных.
Як заўважыў Валеры Нікалаенка, рашэнне пра зніжэнне тарыфнай стаўкі тлумачыцца знешнімі фактарамі. Каля 6 % прадукцыі прадпрыемства традыцыйна ішло ў Расею, аднак попыт там значна знізіўся. Да таго ж, на думку прафсаюзнага лідэра, хуткая дэвальвацыя расейскага рубля ў параўнанні з рублём беларускім вядзе да зніжэння рэнтабельнасці вытворчасці. Менавіта зніжэннем рэнтабельнасці тлумачыцца скарачэнне некаторых сацыяльных выплатаў па калектыўнай дамове.
Чыноўнік паведаміў, што ў перспектыве прадпрыемства могуць пакінуць пенсіянеры, якія працуюць, ў якіх будуць сканчацца кантракты.