На МАЗе звальняюць за дробныя правіннасці (Відэа)
- 16.02.2009, 14:20
Працаўнікі МАЗа скардзяцца, што цяпер іх сталі звальняць за любую правіннасць.
У інтэрв'ю БелаПАН працаўнікі пацвердзілі, што завод перайшоў на трох-чатырохдзённы рэжым працы. Некаторыя падзяліліся, што асцерагаюцца скарачэнняў.
Адзін з працоўных выказаў незадавальненне кадравай палітыкай прадпрыемства: «Скарачаюць «непітушчых і язвенікаў», а пенсіянераў чамусьці не чапаюць — кантракты як працягвалі, так і працягваюць. Хай бы ўзялі за парадак — у першую чаргу пенсіянераў скарачалі, а не працоўных, якія працуюць. А так дзесьці правініўся, і адразу выганяюць», -- заявіў ён
Як паведамляла раней Хартыя’97, з пачатку лютага МАЗ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень.
Па словах старшыні прафкама Менскай гарадской першаснай прафсаюзнай арганізацыі Уладзіміра Лазоўскага, працоўных МАЗа чакае сур'ёзнае скарачэнне зарабатнай платы, і людзі ўжо страцілі ад 200 да 500 тысячаў рублёў у сувязі з тым, што працуюць у рэжыме няпоўнага часу.
Акрамя таго, на Менскам аўтазаводзе, як і на ўсіх беларускіх прадпрыемствах, адбываюцца звальненні працоўных.