BE RU EN

Дацкі Інстытут Правоў Чалавека заклікае беларускія ўлады зарэгістраваць «Нашу Вясну»

  • 16.02.2009, 16:05

Дырэктар Дацкага Інстытута Правоў Чалавека Ёнас Крыстоферсен накіраваў ліст да намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч, у якім заклікае зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю «Наша Вясна».

Падставай для ліста з'яўляецца тое, што 26 студзеня 2009 года праваабарончая арганізацыя «Наша Вясна» падала ў Міністэрства юстыцыі заяўку на рэгістрацыю, піша сайт spring96.org.

«Ад імя Дацкага Інстытута Правоў Чалавека я б хацеў выказаць нашу вялікую падтрымку гэтаму кроку і надзею на тое, што адпаведныя дзяржаўныя органы паставяцца з прыхільнасцю да гэтай заявы і зарэгіструюць гэтую важную праваабарончую арганізацыю. Такі крок дазволіць «Нашай Вясне» на законных падставах ажыццяўляць сваю ўхвальную працу па абароне правоў чалавека і заахвочванні вяршэнства права ў Беларусі», - сцвярджае Ёнас Крыстоферсен.

«На працягу шматлікіх гадоў мы ведаем прадстаўнікоў «Нашай Вясны» як людзей, якія кампетэнтна і высокапрафесійна абараняюць і заахвочваюць правы чалавека і вяршэнства права ў рэгіёне», - працягвае ён.

Дырэктар ДІПЧ лічыць, што ў Беларусі ёсць магчымасць прывесці сваю практыку ў адпаведнасць з яе міжнароднымі абавязкамі па свабодзе асацыяцыяў і верыць, што рэгістрацыя «Нашай Вясны» будзе прыхільна ўспрынятая на міжнародным узроўні і будзе спрыяць еўрапейскім памкненням беларускага палітычнага асяроддзя.

Дацкі Інстытут Правоў Чалавека, заснаваны ў 1987 гозе ў адпаведнасці з парыжскімі прынцыпамі як Нацыянальны Праваабарончы Інстытут, дае кансультацыі, справаздачы, маніторынгі і рэкамендацыі па пытаннях, звязаных з заахвочваннем і абаронай правоў чалавека ў Даніі. Ён таксама ажыццяўляе праваабарончую дзейнасць на міжнародным узроўні, з партнёрамі ў Афрыцы, Азіі, на Сярэднім Усходзе, у Цэнтральнай Азіі, Еўропе і Цэнтральнай Амерыцы, з партнёрамі сярод дзяржаўных структураў і грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны