Арыштаваны прадпрымальнік Юрый Лявонаў – у турэмнай лякарні
- 16.02.2009, 19:17
Са следчага ізалятара прадпрымальніка Юрыя Лявонава перавялі ў турэмную лякарню.
Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміла дачка арыштаванага Юлія Лявонава.
«Я сёння прыехала ў Менск, -- распавядае дачка зняволенага, -- прывезла бацьку перадачу. У СІЗА мне сказалі, што ён патрапіў у лякарню».
Як распавядае Юлія, у следчым ізалятары на Валадарскага ёй паведамілі, што Юрый Лявонаў паступіў у лякарню ў нядзелю, 15 лютага. Блізкіх сваякоў прадпрымальніка аб гэтым не апавясцілі.
«Нам ніхто нічога не паведаміў, -- кажа Юлія Лявонава. -- Я размаўляла са следчым. Ён паведаміў, што тату паклалі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь на Кальварыйскай, 36 з дыягназам «камяні ў нырках». Такі дыягназ не вельмі праўдападобны».
Па словах Юліі Лявонавай, да арышту ў яе бацькі не ўзнікала праблем з ныркамі. Адзінае, як адзначае дачка арыштаванага, у апошні час у Юрыя Лявонава часам паднімаўся ціск.
Нагадаем, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. Іх адвезлі ў Менск у турму на Акрэсціна. Паводле афіцыйна агучанай версіі, арыштаваныя прадпрымальнікі, падазраюцца ў падпалах дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС і гаража працаўніка падатковай інспекцыі, якія адбыліся ў 2004-2005 гадах. У той жа час самі ахвяры падпалаў ніякіх прэтэнзій да арыштаваных не выказалі, бо, па ніх словах, вінаватыя падпалаў даўно пакараныя і адбываюць пакаранне.
Праз тры дні пасля арышту следства так і не высунула абвінавачванняў лідэрам прадпрымальнікаў. Аднак арыштаваных не вызвалілі, а перавялі ў СІЗА.
Адзначым, што Юрый Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былы палітвязень, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання яму была змененая на абмежаванне волі.