АМАП збіваў людзей, што прыйшлі са свечкамі да касцёла святога Іосіфа
- 16.02.2009, 20:15
16 лютага ў Менску была разагнаная яшчэ адна акцыя салідарнасці – ля сцен касцёла святога Язэпа.
У 20.00 да касцёла прыйшлі больш за 20 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Дэмакраты запалілі свечкі і збіраліся памаліцца за зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста і ўсіх палітычна рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі. Да касцёла прыбылі супрацоўнікі АМАПа, якія ўзялі актывістаў у «кола» і павялі ў ачапленні па вуліцы Няміга. Пры гэтым людзей штурхалі і білі кулакамі ў спіны і па нагах.
Чаму людзям нельга было запаліць свечкі ля касцёла, яны не тлумачылі, заяўляючы, што атрымалі такі загад. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» ішлі ў ачапленні з запаленымі свечкамі.
Акцыі ў абарону касцёла святога Язэпа праходзяць з тых часоў, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для іх прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.
Кляштар быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі пасля разгону нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 год дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. З кляштара выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры. Аднак у будынку касцёла дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. З 19 сакавіка 2005 года ля будынку касцёла праводзяцца штодзённыя вячэрнія набажэнствы за вяртанне святыні вернікам.