Беларусаў масава пераводзяць на няпоўны працоўны дзень
- 17.02.2009, 12:22
Толькі за месяц колькасць няпоўнасцю занятых працаўнікоў павялічылася ў 2,4 разы.
Як паведамілі «Інтэрфаксу» у Белстаце, у снежні 2008 года колькасць няпоўнасцю занятых працаўнікоў у Беларусі павялічылася ў 2,4 раза ў параўнанні з лістападам. Колькасць працаўнікоў, якім былі дадзеныя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, павялічылася ў снежні ў 3,6 разы і склала 51,1 тыс. чалавек. «Прырост адбыўся, у асноўным, за кошт прадпрыемстваў прамысловасці», паінфармавалі там.
Па інфармацыі Белстата, у цэлым па прамысловасці па ініцыятыве наймальніка на няпоўны працоўны дзень (тыдзень) у снежні было пераведзена працаўнікоў у 2,1 раза больш, чым у лістападзе ці 30 тыс. чалавек. Пры гэтым 47% з іх прыходзіцца на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Колькасць працаўнікоў прамысловасці, накіраваных у вымушаныя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, узрасла ў 3,6 разы да 48,4 тыс. чалавек. З іх 40% - гэта працаўнікі прадпрыемстваў, занятых у машынабудаванні і металаапрацоўцы.
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, у апошні час наступствы крызісу становяцца ўсё больш адчувальнымі для буйных прадпрыемстваў Менска. На шэрагу аб'ектаў скарочаны працоўны тыдзень, пачасціліся затрымкі з выплатай зарплатаў, цалкам ці часткова згорнутыя экспартныя пастаўкі, ідзе скарачэнне «лішніх» кадраў.
Першым пра трохдзённы графік працы абвесціла кіраўніцтва Менскага аўтазавода. З сакавіка гэтую эстафету падхопіць Менскі завод колавых цягачоў. Чатырохдзёнка - на Менскам маторным заводзе і заводзе ацяпляльнага абсталявання. Практычна ва ўсіх выпадках прадпрыемствы працуюць на склад, што вядзе да замарожвання абаротных сродкаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай складанасцяў з выплатай зарплатаў.
На днях былі арыштаваныя банкаўскія рахункі заводу па вытворчасці спецыяльнай тэхнікі «Амкадор» . Працаўнікі прадпрыемства адзначаюць затрымку выплаты зарплатаў, нявыплату авансу.
Паступова затаварваюцца склады вытворчага аб'яднання «Атлант» . І калі халадзільнікі яшчэ адносна стабільна збываюцца ў Расеі, дык, напрыклад, пральныя машыны з канвеера наўпрост вязуць на склад.
Крызіс закрануў і іншыя сферы гаспадарання. Так, з падзеннем аб'ёму перавозак пачало разглядацца пытанне пра перавод на чатырохдзённы працоўны тыдзень некаторых катэгорыяў працаўнікоў Беларускай чыгункі. Абвешчана пра скарачэнне штата ў сетцы ўніверсамаў «Рублёўскі» . Гарадскі малаказавод № 1 рыхтуецца да ліквідацыі. Лішнія людзі з'явіліся і ў страхавой кампаніі «Бролі» .
Масава скарачаюць штат і пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень шматлікія прадпрыемствы ў рэгіёнах Беларусі. Тут лік ідзе ўжо на дзясяткі, а то і на сотні пацярпелых ад крызісу прадпрыемстваў.