Гендырэктар інстытута «Сосны»: Будаўніцтва АЭС на Нарачы не нясе экалагічнай пагрозы
- 19.02.2009, 16:22
Праўладныя эксперты запэўніваюць, што будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы нібыта «не нясе экалагічнай пагрозы прылеглым тэрыторыям і насельніцтву».
Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Куўшынаў на прэс-канферэнцыі інстытута 19 лютага.
Па словах Вячаслава Куўшынава, нягледзячы на тое, што працы па канчатковай ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва АЭС не скончаныя, шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што ўзвядзенне станцыі не будзе мець негатыўных наступстваў». У прыватнасці, «можна не турбавацца за лёс Нарачанскага запаведніка» - за 60 гадоў працы станцыі ўзровень радыяцыі ў 30-кіламетровай зоне падвысіцца нібыта на сотыя долі адсотка.
В.Куўшынаў заявіў пра адсутнасць пагрозы для Літвы. Паводле яго словаў, знаходжанне Ігналінскай АЭС недалёка ад Браслаўскіх азёраў не мела сур'ёзнага ўплыву на экалогію гэтай тэрыторыі.
Адлегласць ад межаў не рэгламентуецца ніякімі правіламі МАГАТЭ, заявіў гендырэктар інстытута. Ён адзначыў, што ў Францыі паблізу ад Парыжу таксама ёсць атамная станцыя, і гэта не выклікае асаблівых праблемаў.
Нагадаем, пляцоўка для будаўніцтва беларускай АЭС знаходзіцца ў паўночнай частцы Астравецкага раёна Беларусі. Паўночны-захад Беларусі — край найпрыгажэйшых азёраў, размешчаных сярод маляўнічых узгоркаў. Месца, багатае на запаведнікі і заказнікі. Недалёка размешчаны нацыянальны парк Нарачанскі — самае папулярнае месца адпачынку ў Беларусі.
Намер уладаў будаваць АЭС выклікаў пратэсты з боку навукоўцаў і насельніцтва. Беларусь з'яўляецца краінай, якая найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Навукоўцы выступаюць за недапушчальнасць размяшчэння на тэрыторыі краіны ядзернай зброі і яе элементаў, будаўніцтва АЭС і захоўвання ядзерных адыходаў.
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас таксама заяўляў, што Літву турбуе наяўнасць закрытай афіцыйнай інфармацыі і актыўны ўдзел Расеі ў праекце будаўніцтва беларускай АЭС.