Для захавання дырэктывы выканкам будзе адключаць у горадзе святло
- 20.02.2009, 8:16
Жодзінская вертыкаль прыняла рашэнне аб адключэнні вулічнага асвятлення ў начны час сутак. Такім чынам выконваецца прэзідэнцкая дырэктыва аб эканоміі.
Спачатку вулічныя ліхтары адключалі з паўночы да шасці раніцы, паведамляе сайт Regionby.org. Пасля абураных зваротаў гараджан у выканкам і ў службы ЖКГ вертыкальнікі «пайшлі на саступкі» і пачалі адключаць асвятленне з гадзіны ночы.
Абураных грамадзян менш не стала, аднак цяпер выканкамаўскія чыноўнікі цвёрда стаяць на сваім, заяўляючы на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, што нармальным грамадзянам уначы на вуліцах няма чаго рабіць. Пярэчанні аб тым, што ў горадзе пагоршылася аварыйная сітуацыя на дарогах, таксама не прымаюцца.
Улады раяць жодзінцам купляць флікеры і ліхтарыкі. Галоўны довад пры гэтым – у горадзе павінныя выконвацца планы па энергазахаванні.