У Слоніме гарэлі танкі. Адзін салдат у цяжкім стане (Фота)
- 20.02.2009, 8:42
НЗ: у вайсковай частцы Слоніма гарэлі танкі і баявая машына пяхоты. Пажар ледзь не стаў прычынай выбуху боекамплектаў
У Слоніме ў 107-м асобным танкавым батальёне вайсковай часткі № 33933 адбылося буйное здарэнне. Як паведамляе «Салідарнасць», 18 лютага прыкладна ў 10.30 на адным з танкаў загарэўся дадатковы бак з палівам. Па словах вайскоўцаў, калі б не аператыўнасць пажарных, мог адбыцца выбух боекамплектаў.
Па папярэдніх дадзеных, прычынай пажару стала няспраўнасць перадпускавога падагравальніка баявой машыны. Па гэтай жа прычыне загарэўся і другі танк, а таксама баявая машына пяхоты.
Прыбылыя на месца здарэння пажарныя паспелі своечасова. Па словах вайскоўцаў, яшчэ б хвілін дзесяць, і не атрымалася б пазбегнуць выбуху боекамплектаў.
Пакуль вядома, пры пажары пацярпелі тры салдаты. Адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане.