Франак Вячорка - у баранавіцкім вайсковым шпіталі
- 20.02.2009, 10:38
Учора гвалтоўна прызванага ў войска лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку даставілі ў 222-і лячэбны цэнтар Вайскова-паветраных сілаў і Супрацьпаветранай абароны ў Баранавічах.
З-за праблемаў з сэрцам 18 лютага Франак Вячорка быў дастаўлены з вайсковай часткі ў Менск, у 432-гі Галоўны вайсковы клінічны мэдычны цэнтар Узброеных сілаў, інакш вядомы як галоўны шпіталь Міністэрства абароны, піша старонка pbnf.org.
Учора супрацоўнікі ГВКМЦ накіравалі моладзевага лідэра на лячэньне - ужо як вайскоўца.
Цяпер Франак Вячорка знаходзіцца ў Баранавічах, у 222-м лячэбным цэнтры Вайскова-паветраных сілаў і Супрацьпаветранай абароны. Там яго зьбіраюцца вылечваць ад высокага артэрыяльнага ціску і праблемаў з сардэчнымі клапанамі.
Нагадаем, у студзені Франака Вячорку прызналі прыдатным да войска, не завяршыўшы абсьледаваньняў ды хаваючы ад маладзёна іхныя вынікі, нягледзячы на ранейшы вэрдыкт вайсковых мэдыкаў аб непрыдатнасьці да службы ў мірны час ад 16 ліпеня 2008 года.