Для пакарання курапацкіх вандалаў «не хапіла доказаў»
- 20.02.2009, 13:28
З 16 лютага ў Менскім РУУС вядзецца дадатковае расследаванне па крымінальнай справе ў сувязі са знішчэннем памятных крыжоў у Курапатах увечары 1 лістапада 2008 года.
Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік следчага аддзела райупраўлення маёр міліцыі Дзмітры Сярчэня.
Паводле словаў Д.Сярчэні, тэрмін папярэдняга расследавання вызначаны ў адзін месяц з дня прыняцця следчым крымінальнай справы да вытворчасці. Яго імя і прозвішча начальнік следства назваць адмовіўся.
11 студзеня следчай Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС Аленай Хільчук быў спынены крымінальны пераслед двух непаўнагадовых менчукоў, затрыманых увечары 1 лістапада 2008 года грамадскімі актывістамі на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў урочышча Курапаты» і падазраваных у знішчэнні памятных крыжоў.
Сваё рашэнне следчая матывавала тым, што доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці двух маладых людзей — навучэнцаў школы і прафтэхвучэльні.
У канцы студзеня намеснік пракурора Менскага раёна Эрнэст Койра прызнаў «незаконным і неабгрунтаваным» рашэнні А.Хільчук аб спыненні крымінальнага пераследу маладых людзей. Таксама было прызнана «незаконным і неабгрунтаваным» рашэнне аб прыпыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе з-за таго, што не выяўленая асоба, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачванага. 29 студзеня крымінальная справа з указаннямі накіраваная ў Менскае РУУС для дадатковага папярэдняга расследавання.
За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння, у трэці раз узбуджаецца крымінальная справа. У першых двух выпадках злачынцы не былі выяўленыя.