БелаПАН: Лорда Бэла можна звольніць, яго працу будзе выконваць Солана
- 20.02.2009, 14:52
Візіт вярхоўнага камісара ЕЗ ў Менск працягваюць актыўна абмяркоўваць беларускія СМІ.
Лорда Бэла цяпер можна звольніць з-за непатрэбнасці: яго працу па паляпшэнні міжнароднага іміджу Беларусі выконвае Салана. Такім чынам, мы больш не «апошняя дыктатура Еўропы». Генсек Рады ЕЗ не прыедзе ў дыктатуру, каб паціснуць руку яе першым асобам, піша інтэрнэт-газета агенцтва БелаПАН «Беларускія навіны».
Пасля сустрэчаў з кіраўніцтвам Беларусі, апазіцыйнымі палітыкамі і праваабаронцамі Салана не мог не сустрэцца з прадстаўнікамі незалежных СМІ. Праўда, у вузкім коле і на паўгадзіны.
Сустрэча з журналістамі стала такой жа сімвалічнай, як і з чыноўнікамі. Вопытны дыпламат Хаўер Салана, вядома, шмат усміхаўся і бліскуча не адказваў на пытанні.
— Ваша першае ўражанне аб Лукашэнку?
— Нашая сустрэча не была першай.
— Якія складаныя пытанні вы абмяркоўвалі?
— Гутарка была канфідэнцыйнай. Магу вас запэўніць, што складаныя пытанні мы называлі складанымі, а тое, што трэба змяніць, абмяркоўвалі як тое, што трэба змяніць.
— Ці абмяркоўваліся стратэгія, як адносіны Беларусі і ЕЗ будуць развівацца?
— У ЕЗ ёсць стратэгія ў дачыненні да краінаў Усходняй Еўропы. І, спадзяюся, у краінаў Усходняй Еўропы ёсць стратэгія аб развіцці сувязяў з ЕЗ. Гэта працэс, падарожжа, пра якое можна меркаваць пасля яго заканчэння.
— Чаму адкрытым дыялог стаў менавіта зараз?
— Таму, што ён зараз стаў адкрытым.
— Раней Беларусь у знешняй палітыцы арыентавалася на Усход, як Вы тлумачыце паварот на Захад?
— Я не павінен гэта тлумачыць, хай іншыя тлумачаць. Але я вельмі рады, што няма нічога несумяшчальнага.
— Перад Вашым прыездам парушаліся правы чалавека, вы абмяркоўвалі гэта з уладамі?
— Паслухайце, усё, што павінна было быць сказана, было сказана. Усё, што трэба было пракаментаваць, было пракаментавана. Усё, што трэба было крытыкаваць, крытыкавалася. Візіт я лічу канструктыўным.
— Ініцыятыва Усходняга партнёрства — супрацьлегласць «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі. Вы размаўлялі пра гэта з Лукашэнкам?
— З прэзідэнтам мы пагаварылі вельмі канструктыўна. А на мінулым тыдні я быў у Маскве.
Але Усходняе партнёрства не сыходзіла з языка: пра яго казалі і беларускія афіцыйныя асобы. Падобна, новая палітыка ЕЗ і яе магчымасці для ўсіх бакоў сталі цэнтральнай тэмай візіту ў Менск. Усходняе партнёрства — ініцыятыва выгодная і ў эканамічным, і ў палітычным, і гандлёвым плане, спакушаў Салана. Маўляў, яна як бяспройгрышная латарэя — усе ўдзельнікі выйграюць.
Салана падкрэсліў, што не вёў у Менску перамовы, паколькі правёў у беларускай сталіцы ўсяго нейкіх пяць працоўных гадзінаў. Яны не паперы падпісвалі, а абменьваліся меркаваннямі і настройваліся «на адну хвалю», прыходзілі да адной роўніцы для развіцця адносінаў.
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ запэўніў, што паміж еўрачыноўнікамі і беларускімі ўладамі няма забароненых тэмаў, абмяркоўваецца і каментуецца ўсё. «Вядома, не ўсе пытанні вырашаныя! Мы ж дзеля гэтага і пачынаем працэс (нармалізацыі ўзаемадзеяння), каб іх усе вырашыць», — упэўнены Салана.
У сакавіку пройдзе ўжо трэцяя па ліку «тройка» па лініі Беларусь-ЕЗ, дзе будзе наноў абмяркоўвацца ўвесь парадак дня двухбаковых адносінаў, у прыватнасці, як паабяцаў генсек Рады ЕЗ, захаванне правоў чалавека. А кіраўніка МЗС Беларусі чакаюць камандзіроўкі ў Рым і іншыя сталіцы краінаў ЕЗ.
Спыталі журналісты ў Саланы і пра яго наймацнейшае ўражанне ад Менска. І тут Салану было, што распавесці:
«Я прыехаў вельмі позна ўвечары. Але з вельмі шырока расплюшчанымі вачамі. Памятаю аўтатрасу з аэрапорта і першы рэзкі паварот... І я зразумеў — спачатку мы ехалі на поўнач, потым на захад — у іншы бок ад Масквы. І я выдатна зразумеў, дзе я, дзе Берлін, дзе Польшча. Вакол раўнінныя палі, і я ўявіў бітвы, якія тут адбываліся, і пакуты, якія яны прынеслі… У часы паходаў Напалеона, падчас Другой сусветнай вайны... Вось пра што я думаў, калі ехалі ў горад. А Менск? Тут чыстае паветра — гэта добра і для лёгкіх, і для мозгу».
«Спадзяюся, што яшчэ вярнуся ў Беларусь!» — сказаў генсек Рады ЕЗ.
Падчас гутаркі з журналістамі Хаўер Салана маляваў на лісце паперы перад сабой стрэлку. Паказвала яна якраз на ўсход, як бы пацвярджаючы новы прыярытэтны вектар Брусэля… А, значыць, Салана паляцеў, але яшчэ вернецца.