Еўрапарламент не збіраецца адмяняць санкцыі супраць беларускага рэжыму
- 23.02.2009, 8:18
Дэлегацыя Еўрапарламента, што наведала Беларусь, не выказвалася за адмену забароны на ўезд у ЕЗ афіцыйных беларускіх асоб.
Супрацоўніца прэс-службы Еўрапарламента Жывіле Дзідзгалвіене заявіла аб недакладнасці інфармацыі агенцтва Associated Press, які паведаміў, што, нібыта, еўрапейскія заканадаўцы лічаць, што надыйшоў час адмяніць забарону, уведзеную ў 2006 годзе.
Дзідзгалвіене падкрэсліла, што ні адзін удзельнік дэлегацыі, у тым ліку дэпутат Еўрапарламента Лайма Андрыкіене, падобных заяваў падчас візіту ў Беларусь не рабіў.
Дэлегацыя падкрэсліла, што ў Беларусі ўлады працягваюць парушаць правы чалавека і абмяжоўваць свабоду прэсы.
Дэлегацыя Еўрапейскага Парламента, якая напярэдадні наведала Беларусь з азнаямленчай місіяй, засталася незадаволеная сітуацыяй у краіне, паведаміла радыё «Свабoда».
Як паведамілі ўдзельнікі дэлегацыі, нягледзячы на апошнія пазітыўныя падзеі, як вызваленне палітвязняў, улада Беларусі не спыняе палітычна матываванага ціску на актывістаў дэмакратычных рухаў і запалохвання незалежных сродкаў інфармацыі.
Пазней, дэлегацыя павінная яшчэ падаць у Еўрапарламент афіцыйную справаздачу аб сваёй паездцы, на падставе якой ў красавіку будзе прымацца рэзалюцыя аб Беларусі.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч заявіў па выніках візіту ў Менск: «Рашэнне, якое будзе прымацца Радай Еўразвяза, павіннае прымацца аднагалосна. Калі хоць адна краіна з 27 вырашыць, што не варта далей прыпыняць санкцыі ў адносінах Беларусі, то санкцыі не будуць прыпыненыя. Еўрапарламент будзе прымаць сваю рэзалюцыю за два тыдні да рашэння Рады міністраў замежных спраў. І пры прыняцці свайго рашэння мы будзем спасылацца на нашыя папярэднія рэзалюцыі з адзнакамі, што рэальна зроблена. Ад гэтага можа залежаць наша заключэнне адносна таго, у лепшы або горшы бок мяняецца сітуацыя ў Беларусі».