BE RU EN

Зянон Пазьняк: «Пакуль існуе рэжым Лукашэнкі -- ня будзе ніякай лібэралізацыі»

  • 24.02.2009, 9:57

Сваё меркаваньне пра візыты ў Беларусь прадстаўнікоў Эўразьвязу выказвае старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

«Найбольш важным візытам у Беларусь боку Эўразьвязу быў візыт Хавіера Саляны, і зьвязаны ён перш за ўсё з пытаньнем запрашэньня Лукашэнкі ў Прагуэ, -- распавёў «Радыё Свабода» Зянон Пазьняк. -- Саляна шукаў у Менску нават мінімальных аргумэнтаў, каб такое запрашэньне можна было апраўдаць. Мы бачым з боку Эўразьвязу тыповую прагматычную палітыку. Яна была такой увесь час, толькі цяпер зь яе скінулі дэмакратычны камуфляж і загаварылі наўпрост з дыктатарам».

На думку старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, з гледзішча геапалітыкі, Беларусі выгадны і патрэбны супрацоўніцтва з Эўропай і ўдзел ва Усходнім партнэрстве нам.

«Але, на жаль, гэта не нашая палітыка, ня мы яе вядзем, -- адзначае Зянон пазьняк. -- Гэта палітыка Эўропы, якую яна праводзіць з выгодай для сябе, коштам нашых народных інтарэсаў. Мы будзем плаціць вельмі вялікую цану за гэтую палітыку. Пакуль што гэта выглядае так. І невыпадкова шмат у каго з беларусаў узьнікаюць асацыяцыі з Мюнхэнам 38-га году. Тады, каб заспакоіць Гітлера, здалі Аўстрыю. Цяпер, каб забясьпечыць свае інтарэсы, здаюць дэмакратыю ў Беларусі, прыкрыўшы вочы на тое, што робіць рэжым у Беларусі».

Зянон Пазьняк мяркуе, што запрошанне Лукашэнку ў Прагу будзе азначаць для Эўропы яе згоду з рэпрэсіямі дыктатара.

«Гэта будзе азначаць, што Эўропа пагадзілася з рэпрэсіямі і этнацыдам, з арыштамі і судамі за беларускую мову, з нападамі міліцыі на кватэру былога дэпутата Вярхоўнага Савета Аксаміта і з рабаваньнем яго дэпутацкага архіву, з арыштамі ў Ваўкавыску, са зьбіцьцём міліцыяй моладзі ў Менску, і г.д, -- кажа палітык. -- Гэта будзе знак для Лукашэнкі, што так -- можна, і што гэта не перашкаджае Эўропе супрацоўнічаць з рэжымам. Гэта чэмбэрленаўшчына. Але вінаватыя ў такім стане рэчаў найперш самі беларусы. Наша грамадзтва ў цэлым пакуль што не праяўляе асэнсаванай волі да барацьбы за свае інтарэсы, за гонар і годнасьць. Таму спадар Саляна нас можа і ня ўлічваць у сваёй партытуры. Гэтае становішча нам трэба перамяніць, і ёсьць надзея, што мы яго пераменім. Што датычыць Лукашэнкі ў Эўропе, то наколькі я яго ведаю, на нейкім этапе справа скончыцца скандалам і гнеўнымі філіпікамі Лукашэнкі ў бок Захаду».

На думку Зянона Пазьняка ў Беларусі няма ніякай «лібералізацыі»

«Ніякай лібэралізацыі няма, -- распавядае старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. -- Наадварот. Цяпер Лукашэнка стаў больш жорстка праводзіць палітыку ў дачыненьні да моладзі, арышты апошняга часу і зьбіцьцё пра гэта сьведчаць. Бо ён выдатна ведае, што палітыку на збліжэньне праводзіць Эўропа, гэта трэба Эўропе, і ён хоча пайсьці ў гэтую Эўропу з гэтым рэпрэсіўным багажом. Ён хоча, каб яго прызналі, каб гэта стала нормай. Фактычна, Эўропа за свае геапалітычныя інтарэсы заплюшчвае вочы на палітыку рэжыму, на нашыя нацыянальныя інтарэсы, на зьнішчэньне мовы, парушэньне правоў чалавека. Але паўтараю: уся справа не ў Эўропе, уся справа -- у нас саміх, у тым, што нашае грамадзтва на гэтым этапе страціла волю да барацьбы. Гэтую волю трэба здабыць. А пакуль існуе рэжым -- ня будзе ніякай лібэралізацыі. Гэты рэжым антынародны, антыбеларускі, і ўвесь яго інтарэс -- ўтрымацца пры ўладзе. У гэтым і палягае яго палітыка балянсаваньня паміж Эўропай і Масквой».

Апошнія навіны