BE RU EN

МАЗ перастаў быць дзяржаўным

  • 25.02.2009, 11:04

Буйнейшы ў СНД вытворца самазвалаў і цягачоў Менскі аўтамабільны завод перастаў быць унітарным прадпрыемствам і стаў адкрытым акцыянерным таварыствам.

Нягледзячы на тое, што МАЗ стаў ААТ, увесь пакет акцый аднаго з галоўных падаткаплатнікаў належыць дзяржаве. Дарэчы, за тыдзень да таго, як завод стаў адкрытым акцыянерным таварыствам, Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад чыноўнікаў паскорыць працэс прыватызацыі. І вось МАЗ ужо акцыянаваны, але распродажу акцый пакуль не абвешчана.

На самім заводзе сітуацыю з магчымым продажам не каментуюць. Вядома толькі, што з-за крызісу прыпынілі перамовы аб інвестыцыйных праектах з холдынгам расейскага алігарха Алега Дзерыпаскі «Рускія машыны» – адным з патэнцыйных пакупнікоў заводу, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси». Як лічаць незалежныя эксперты, прадаваць беларускага гіганта хуткім часам, хутчэй за ўсё, не будуць.

«Калі будзе прададзена 10 - 15% акцый, то нічога не зменіцца, - кажа незалежны эксперт Леанід Злотнікаў. - Гэта могуць зрабіць, каб прыцягнуць грошы на прадпрыемства, але ўсе рашэнні па-ранейшаму будзе прымаць дзяржава. Нават калі прададуць 49% акцый, гэта будзе «як бы продаж». Для таго каб акцыянеры маглі прымаць эканамічныя рашэнні (за колькі прадаваць прадукцыю, колькі працоўных скараціць і гэтак далей), трэба прадаць 50% плюс адну акцыю».

Па меркаванні Леаніда Злотнікава, дзяржава не падасць магчымасць паўдзельнічаць у прыватызацыі звычайным беларусам.

«Верагоднасць невялікая. Бо ў нас ёсць пералік прадпрыемстваў, акцыі якіх нельга прадаваць на ільготных умовах за грашовыя сродкі або ў абмен на прыватызацыйныя чэкі «Маёмасць», - нагадвае эканаміст. -- МАЗ уваходзіць у іх лік. Хутчэй за ўсё, калі акцыі будуць прадавацца, то для іх будуць шукаць пакупніка-інвестара. Але калі выказаць здагадку, што нейкую частку акцый выкінуць на фондавы рынак, то набыць іх фактычна зможа любы жадаючы. Пытанне будзе ў кошце».

Пакуль невядома, хто стане асноўным інвестарам МАЗа. Раней аб намеры набыцця заводу заяўлялі:

Аўтамабільны холдынг Алега Дзерыпаскі (2001 г., чэрвень 2008 г.).

Аўтапрамысловы холдынг «Сібірскі алюміній» (2001 г.).

Дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі», якая кіруе актывамі КамАЗа (лістапад, 2008 г.).

Апошнія навіны