BE RU EN

Беларусь наведаюць амбудсмены чатырох краінаў Еўразвяза

  • 25.02.2009, 17:18

25—27 лютага Беларусь наведаюць упаўнаважаныя па правах чалавека Нямеччыны, Даніі, Нідэрландаў і Фінляндыі.

У Менск прыязджаюць упаўнаважаныя па правах чалавека Нямеччыны Гюнтэр Наоке, Даніі — Арнольд Крысціян дэ Фін Скібстэд, Нідэрландаў — Ар'ян Хамбургер і Фінляндыі — Кары Кахалуота. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на амбасаду ФРГ.

Дэлегацыя прыязжае сёння ўвечары. Мэта візіту — "атрыманне інфармацыі пра развіццё ўнутрапалітычнай сітуацыі пасля вызвалення палітычных зняволеных і "парламенцкіх выбараў", якія прайшлі ў верасні 2008 года, кажацца ў паведамленні нямецкай дыпмісіі.

Запланаваныя перамовы амбудсменаў з першым намеснікам міністра ўнутраных справаў Беларусі Анатолем Куляшовым, намеснікам міністра юстыцыі Алай Бадак і прадстаўнікамі МЗС. Дэлегацыя таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Напярэдадні візіту ў Беларусь Гюнтэр Наоке прывітаў "нядаўнія крокі (беларускіх уладаў) у накірунку дэмакратычных рэформаў". Пры гэтым ён адзначыў, што за такімі дзеяннямі "на шляху да рэальных і ўстойлівых рэформаў павінны быць зробленыя яшчэ шмат якія істотныя крокі, уключаючы дыялог з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю".

У амбасадзе ФРГ нагадалі, што ў сакавіку кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ вернуцца да пытання аб прыпыненні візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Умовай для іх поўнай адмены з'яўляюцца дэмакратычныя рэформы і захаванне правоў чалавека ў Беларусі.

Г.Наоке наведваў Менск у красавіку 2006 года пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Каментар прэс-цэнтра Хартыі’97: Дзіўна, што ў прыведзеным прэс-рэлізе не згадваецца, што «парламенцкія выбары» у Беларусі былі прызнаныя БДІПЧ АБСЕ несвабоднымі і недэмакратычнымі. Больш за тое, паводле звестак апазіцыі, у Беларусі сёння мінімум 5 палітвязняў.

Апошнія навіны