BE RU EN

Лукашэнка падрывае асновы канстытуцыйнага ладу?

  • 26.02.2009, 8:08

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна і афіцыйна прызнаў, што беларускую эканоміку закрануў эканамічны крызіс.

Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 24 снежня на пытанні журналістаў пасля наведвання Менскага маторнага заводу, заявіў, што «сусветны фінансавы крызіс закрануў беларускую эканоміку, паколькі яна з'яўляецца экспартаарыентаванай».

«Мы ўсю прадукцыю рэалізуем на экспарт, у тым ліку маторы, абутак, вопратку, сметанковае масла і іншае. Усім прадпрыемствам даведзеныя паказчыкі экспарту. Менавіта таму сусветны фінансавы крызіс закрануў у цэлым нашу эканоміку», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтае першае прызнанне Лукашэнкі ў тым, што Беларусь перажывае эканамічны крызіс. Раней, нягледзячы на «абвал» беларускага рубля, рэзкі рост коштаў, істотнае падзенне заробкаў, затаваранасць складоў, скарачэнне працоўнага тыдня на большасці прадпрыемстваў, беларускі дыктатар спрабаваў запэўніць усіх у адваротным.

Аднак на наступны дзень пасля заявы Лукашэнкі, міліцыянты сталі затрымоўваць маладых апазіцыянераў толькі за тое, што яны праводзяць апытанне і пытаюць у мінакоў: «Ці ёсць у Беларусі крызіс і што Вы аб гэтым думаеце?». Так адбылося 25 лютага ў Баранавічах. Супрацоўнікі міліцыі даставілі актывістаў руху «За Свабоду» ва ўчастак, склалі пратаколы і адабралі анкеты. Прычыну затрымання пазначылі так: «падрывалі асновы канстытуцыйнага ладу».

Атрымліваецца, Лукашэнка таксама падрывае асновы канстытуцыйнага ладу?

Варта таксама нагадаць яшчэ аб адной ініцыятыве ўлад – распараджэнні Нацыянальнага банка Беларусі. Яшчэ ў снежні 2008 года Нацбанк разаслаў па камерцыйных банках ліст «Аб фактах супрацьпраўных дзеянняў». Вось цытата з гэтага дакумента.

«У апошні час маюць месца факты распаўсюджвання няпэўнай інфармацыі аб фінансавым стане банкаў і банкаўскай сістэмы, спробы пераканаць кліентаў у немэтазгоднасці размяшчэння новых укладаў і неабходнасці вяртання раней зробленых. У мэтах своечасовага выяўлення супрацьпраўных дзеянняў і ўсталявання асоб, штоіх здзяйсняюць, просім кіраўнікоў падпадзяленняў бяспекі банкаў арганізаваць кантроль за дзеяннямі наведвальнікаў у памяшканнях банкаў. У выпадку выяўлення паказаных фактаў прымаць меры па ўсталяванні асобы грамадзян, якія здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні, з прыцягненнем супрацоўнікаў дэпартамента аховы МУС РБ, што нясуць службу ў банкаўскіх установах».

І тут Лукашэнка парушае ўсталяваныя Нацбанкам відавочна па ягонай указцы правілы. Які можа быць давер да банкаўскай сістэмы пасля ягонай заявы, што ў краіне эканамічны крызіс?

Апошнія навіны