Козік прапаноўвае ратавацца ад крызісу прапагандай
- 26.02.2009, 16:08
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзмоцніць тлумачальную працу ў арганізацыях рэальнага сектара эканомікі з мэтай росту прадукцыйнасці працы і падвышэння якасці прадукцыі.
Як паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у Федэрацыі прафсаюзаў, такое рашэнне было прынятае ў чацвер на паседжанні прэзідыўма Савета ФПБ.
"Важна праводзіць тлумачальную працу ў калектывах, накіраваную на развіццё вытворчасці, рост прадукцыйнасці працы, зніжэнне энерга- і матэрыялаёмістасці прадукцыі, падвышэнне якасці прадукцыі, якая выпускаецца, беражлівае стаўленне да матэрыяльных каштоўнасцяў", - заявіў старшыня ФПБ Леанід Козік.
Кіраўнік Федэрацыі таксама падкрэсліў, што "неабходна таксама максімальна захаваць усе тыя сацыяльныя гарантыі, якія запісаныя ў калектыўных дамовах". "Яны павінны выконвацца. У выключных выпадках іх можна прыпыніць на нейкі час, але затым яны зноў спатрэбяцца людзям", - лічыць Л.Козік.
Нагадаем, што днямі Леанід Козік зрабіў яшчэ адну арыгінальную заяву. Ён прызнаў, што Беларусь адчула на сабе наступствы фінансава-эканамічнага крызісу: спыняюцца вытворчасці, скарачаюцца працоўныя месцы, зніжаюцца зарплаты.
«Калі спыняцца канвееры, трэба падумаць, як людзей навучыць іншай прафесіі», -- адзначыў ён.