У Беларусі пачалася «паўзучая» дэвальвацыя рубля
- 3.02.2009, 10:51
Толькі за тры працоўныя дні 30, 31 студзеня, 2 лютага афіцыйны курс даляра на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы вырас на 77 рублёў.
Пасля разавай 20-адсоткавай дэвальвацыі, якая здарылася 2 студзеня, даляр вырас яшчэ на 5%. У абменных пунктах яго кошт ужо перавысіў 2 800 рублёў. І гэта, як кажуць эксперты, далёка не мяжа.
Нацбанк заяўляе, што ўсё гэта адбываецца ў межах вызначаных ваганняў валютнага кошыка, які складаецца з даляра, еўра і расейскага рубля. Паводле словаў Анатоля Драздова, калі ў Беларусі ўводзіўся кошык з трох валютаў, дык не выключаліся ўзаемныя ваганні валютаў у межах плюс-мінус 5%, нагадвае БелаПАН.
Аднак незалежныя эксперты ставілі пад сумнеў саму мэтазгоднасць браць на сябе абавязальніцтвы па захаванні 5-адсоткавага калідора.
Пакуль беларускі рубель па тэмпах дэвальвацыі адстае ад расейскага, які абясцэніўся да даляра больш чым на 50 адсоткаў (з 25 да 36 рублёў). На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, каб захаваць свае пазіцыі ў Расеі, куды нашая краіна пастаўляе каля паловы прадукцыі, Беларусі таксама трэба дэвальваваць свой рубель на 50 адсоткаў.
Наведваючы 13 студзеня менскае прадпрыемства «Белкамунмаш», Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Калі б мы не дэвальвавалі валюту, дык на расейскім рынку з-за курсавой розніцы неслі б страты».