BE RU EN

МЗС Паўднёвай Асеціі чакае ад Беларусі прызнання сваёй незалежнасці

  • 3.02.2009, 12:41

Паўднёвая Асеція спадзяецца на станоўчае рашэнне Беларуссю пытання аб прызнанні незалежнасці гэтай рэспублікі.

«Прызнанне Беларуссю незалежнасці іншых дзяржаваў з'яўляецца выключна ўнутранай справай Беларусі», — заявіў намеснік міністра замежных справаў Паўднёвай Асеціі Алан Пліеў.

«Як было сказана Аляксандрам Лукашэнкам, такія рашэнні будуць прымацца без усялякага ціску. У тым ліку без ціску Грузіі на рашэнне кіраўніцтва Беларусі», — сказаў Пліеў.

Паводле яго словаў, «Рэспубліка Паўднёвая Асеція спадзяецца, што Беларуссю, а таксама іншымі дзяржавамі рашэнне аб прызнанні Рэспублікі Паўднёвая Асеція будзе станоўчым. Нашая дзяржава працуе над тым, каб іншыя дзяржавы ўзялі прыклад з Расейскай Федэрацыі 26 жніўня 2008 года адносна прызнання нашай дзяржавы».

«Мы спадзяемся, што нашыя стасункі з дзяржавамі, з якімі ў нас наладзіліся адносіны, будуць развівацца на канструктыўным узроўні», — дадаў Алан Пліеў.

Нагадаем, афіцыйная Грузія занепакоеная тым, што Беларусь можа прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пад ціскам расейскага боку.

Пра гэта ўчора заявіў намеснік міністра замежных справаў Грузіі Давід Джалаганія.

«Калі Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, гэта будзе лічыцца несяброўскім крокам», -- сказаў Джалаганія.

«Грузінскі бок з трывогай сочыць за гэтай сітуацыяй, -- адзначыў намеснік міністра замежных справаў Грузіі. – Мы разумеем, які ціск церпіць Беларусь з боку Расеі».

Беларускі «парламент» мае намер разгледзець пытанне прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі 2 красавіка.

Акрамя Расеі незалежнасць гэтых рэспублікаў прызналі толькі Нікарагуа і «Хамас».

Апошнія навіны