Нацбанк будзе хаваць статыстыку па гандлі валютай
- 3.02.2009, 13:03
Нацыянальны банк Беларусі вырашыў часова не даваць аператыўную статыстыку па гандлі банкаў валютай з насельніцтвам.
Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік праўлення інфармацыі галоўнага банка краіны Анатоль Драздоў.
Паводле яго словаў, такое рашэнне прынятае для таго, каб у цяперашняй сітуацыі лішні раз «не хваляваць людзей». Пры гэтым А.Драздоў адзначыў, што інфармацыя па гандлі валютай з насельніцтвам не з'яўляецца закрытай і публікуецца на сайце Нацбанка, праўда, са спазненнем на некалькі месяцаў. Таму звесткі пра аперацыі грамадзянаў на наяўным валютным рынку ў снежні 2008 года і студзені 2009 года будуць апублікаваныя Нацбанкам Беларусі не раней чым увесну.
А.Драздоў таксама адзначыў, што і ў ранейшыя годы насельніцтва традыцыйна, як правіла, больш купляла валюты ў банках, чым прадавала. Пры гэтым асабліва попыт на валюту актывізаваўся ў апошнія месяцы 2008 і ў пачатку 2009 года.
Агульныя звесткі аб гандлі валютай з банкамі ў студзені цяперашняга года апублікавала Беларуская валютна-фондавая біржа. У першым месяцы года на біржавым гандлі аб'ем пагадненняў з амерыканскай валютай склаў 1 млрд. 42 млн. 278 тыс. даляраў, першапачатковы попыт — 1 млрд. 55 млн. 474 тыс., прапанова — 664 млн. 414 тыс.
Такім чынам, у студзені на біржы попыт перавысіў прапанову ў 1,6 раза, ці амаль на 400 млн. даляраў.