Абрамова прызналася, што за «палатку» усё вырашае Лукашэнка
- 4.02.2009, 10:14
Былая дэпутатка беларускай «палаты прадстаўнікоў» распавяла, як галасуюць так званыя «дэпутаты».
Нагадаем, што міжнародная супольнасць не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Таму створаная «палата прадстаўнікоў» не можа лічыцца легітымнай.
«Я выдатна вывучыла склад новага «парламента», у які ўвайшло каля 37 адсоткаў парламентароў з папярэдняй «палаты прадстаўнікоў», і магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што такога стэрыльнага вышэйшага заканадаўчага органа Беларусь яшчэ не ведала», -- распавяла «Беларускаму партызану» Вольга Абрамова.
Экс-«дэпутатка» таксама выказала меркаванне, што пытанне прызнання беларускім «парламентам» Паўднёвай Асеціі і Абхазіі будзе вырашацца на самой справе Лукашэнкам.
«Калі хтосьці і захоча прагаласаваць супраць прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, дык гэта адбудзецца толькі па ўказцы «зверху», -- сказала Абрамова. -- Іншы сцэнар развіцця падзеяў выключаны па многіх прычынах.(…) Думаю, што хоць пытанне прызнання-непрызнанні незалежнасці Сухумі і Цхінвалі ўжо не настолькі важнае і актуальнае для Масквы, як пару месяцаў таму, усё роўна яно з'яўляецца своеасаблівай лакмусовой паперай для расейска-беларускіх адносінаў. Перакананая, што яно уваходзіла ў пералік умоваў для вылучэння чарговага ільготнага расейскага крэдыту, другую частку якога мы, дарэчы, неўзабаве павінны атрымаць», -- лічыць былая «дэпутатка».