BE RU EN

Падпісаны чарговы «паказушны» ўказ аб працы СМІ

  • 4.02.2009, 15:59

Аляксандр Лукашэнка абавязаў афіцыйныя прэс-службы прадастаўляць інфармацыю СМІ. Эксперты лічаць, што гэта не палегчыць жыццё незалежным журналістам.

Падпісаны ўказ, што рэгламентуе працу прэс-сакратароў і прэс-службаў міністэрстваў і ведамстваў, які абавязвае прэс-сакратароў і прэс-службы кантактаваць са СМІ і прадастаўляць інфармацыю.

Аб гэтым паведаміла першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнка Наталля Пяткевіч падчас паседжанняў круглага стала на тэму «Заканадаўства аб СМІ як фактар развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы», якое праходзіць сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Па словах Н.Пяткевіч, новы ўказ абавязвае прэс-сакратароў і прэс-службы міністэрстваў і ведамстваў кантактаваць са СМІ і прадастаўляць інфармацыю.

Аднак намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што з падпісаннем гэтага ўказу журналістам будзе яшчэ цяжэй атрымліваць інфармацыю.

«Гэты ўказ неабходна звязваць з тым, што раней чыноўнікам забаранілі даваць якую-небудзь інфармацыю без спецыяльнага на тое дазволу – без дазволу яны не могуць і кроку ступіць. Зразумела, што гэта прывядзе да яшчэ большага фільтравання інфармацыі, чым было дагэтуль, і якасць той інфармацыі, якую будуць даваць прэс-службы міністэрстваў, прыкметна знізіцца. Атрымаць жа сапраўдную інфармацыю журналістам будзе яшчэ больш складана», - заявіў Андрэй Бастунец у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Намстаршыні БАЖ таксама адзначыў, што мэтай дадзенага ўказу можа з'яўляцца распаўсюджванне сярод журналістаў афіцыйнага пункту гледжання.

«З аднаго боку, гэты ўказ выглядае як цывілізаваны – быццам СМІ могуць атрымліваць інфармацыю з міністэрстваў і ведамстваў, як гэта і павінна быць у цывілізаванай краіне. Але ў прэс-службах міністэрстваў і ведамстваў працуюць прадстаўнікі гэтых службаў, якія будуць распаўсюджваць афіцыйны пункт гледжання», - падкрэсліў Андрэй Бастунец.

«Па ідэі, яны павінныя кантактаваць з усімі СМІ, а не толькі з афіцыйнымі. Але як будзе на самой справе - ніхто не ведае», - дадаў ён.

Апошнія навіны