Катаванні апазыцыянераў – рэальнасць лукашэнкаўскай Беларусі (Фота)
- 4.02.2009, 17:06
Беларускія праваабаронцы заяўляюць аб фактах здзекаў над апазіцыяй з боку сілавых структур.
4 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень забароны катаванняў, уведзены ў 1985 годзе пасля прыняцця Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый адпаведнай рэзалюцыі.
«Праблема катаванняў у Беларусі застаецца актуальнай, -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы праваабаронца Валянцін Сцефановіч. -- У нашай краіне гэтая праблема носіць «латэнтны» характар – застаецца даволі ўтоенай. Людзі баяцца скардзіцца на тое, што ў адносінах іх могуць быць выкарыстаныя нейкія забароненыя метады альбо сродкі».
Як адзначае праваабаронца, у Крымінальным кодэксе Беларусі дагэтуль няма такога артыкула як «катаванне».
«Замест артыкула аб катаваннях у нас – «перавышэнне службовых паўнамоцтваў». Сістэма працуе такім чынам, што перавышэнне службовых паўнамоцтваў вельмі часта застаецца бяспакараным. Успамінаецца выпадак у Віцебску, калі міліцыянты збілі ўрача. Проста затрымалі яго на вуліцы і збілі. Нядаўна міліцыянтаў прысудзілі да чатырох год пазбаўлення волі. Але, як паведамілі віцебскія праваабаронцы, да таго моманту, пакуль скарга не дасягнула суду, гэтыя міліцыянты выконвалі свае прафесійныя абавязкі».
Нагадаем, што 22 снежня 2006 года ўрача-хірурга Віцебскай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Андрэя Дробыша па-зверску збілі супрацоўнікі міліцыі Шушко і Маханькоў. Толькі 16 студзеня 2008 года судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду прысудзіла міліцыянтаў да 4 год пазбаўлення волі.
На адно койка-месца – тры чалавекі
«Інфармацыя аб катаваннях і ўмовах утрымання ў турмах становіцца прадметам галоснасці, у асноўным, дзякуючы апазіцыйным актывістам, -- кажа Валянцін Сцефановіч. – Яны праходзяць праз турмы, прыёмнікі, аддзяленні міліцыі і агучваюць гэтую інфармацыю».
Праваабаронца лічыць, што зняволеныя і падазраваныя ў здзяйсненні злачынства дагэтуль часта ўтрымоўваюцца ў нечалавечых умовах.
«Тыя ўмовы, у якіх утрымоўваюцца зняволеныя ў беларускіх турмах і следчых ізалятарах,-- распавядае Валянцін Сцефановіч, -- часцяком не адпавядаюць мінімальным стандартам утрымання зняволеных. У перанаселеных СІЗА і турме на Акрэсціна на адно койка-месца прыходзіцца тры чалавекі, і яны вымушаныя спаць па чарзе. Некалькі год таму ў нас была інфармацыя аб збіцці людзей у мазырскай калоніі. Шматлікія падазраваныя у здзяйсненні злачынстваў былі вымушаныя спаць на падлозе, у халодных бараках».
Падазраваных трымаюць у клетцы
Нядаўняе затрыманне маладых актывістаў апазіцыі таксама можна класіфікаваць як катаванні.
«Выпадак, што здарыўся ў Гомелі, -- кажа Валянцін Сцефановіч, -- таксама можна расцэньваць як здзекі. Магчыма, міліцыя праводзіла агляд затрыманых. Па законе гэтая працэдура дазволеная. Але насцярожвае, што маладых людзей распраналі ў прысутнасці нейкіх старонніх людзей. Натуральна, гэта можна ацэньваць як здзекі».
Нагадаем, што 3 лютага падчас пікету ля будынка гомельскага ўпраўлення КДБ былі затрыманыя актывісты «Маладога Фронту» і аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Васіль Такарэнка, Кастусь Жукоўскі і Андрэй Цянюта. Іх даставілі ў Цэнтральны РУУС Гомеля. Падчас дагляду супрацоўнікі міліцыі распранулі маладых людзей дагала.
«Летась паступалі скаргі людзей аб умовах утрымання ў турме на Акрэсціна. У адміністрацыйным кодэксе прадугледжваюцца правы для затрыманых: хоць бы выкарыстанне індывідуальных спальных месцаў і спальных рэчаў, -- кажа праваабаронца. -- Але на практыцы, на Акрэсціна гэтыя ўмовы не выконваюцца. Факт застаецца фактам – людзі застаюцца ў камерах без індывідуальных спальных месцаў. Іх не выводзяць на вуліцу. Трымаюць у зачыненым памяшканні».
Прымушалі есці майку
Апазіцыя часта становіцца мішэнню, на якой улада выпрабоўвае свае карныя метады.
«У 2006 годзе быў разгон намётавага мястэчка, -- распавядае Валянцін Сцефановіч. -- Спецслужбы затрымлівалі маладых людзей. Мне ўзгадваецца справа Канстанціна Ўсянка, якога прымусілі з'есці майку ў машыне АМАПа. Яго збівалі, а потым пастрыглі. Мы звярнуліся ў пракуратуру. Замест таго, каб расследаваць справу, пракуратура адправіла яе на разгляд Падабеду, камандзіру менскага АМАпа, кіраўніку таго органа, на які мы скардзіліся ў пракуратуру».
Катаванні для Беларусі, нажаль, не рэдкасць. Як адзначае Валянцін Сцефановіч, элементы карнай сістэмы праглядаюцца нават у самых паўсядзённых з'явах жыцця беларускага соцыўма.