Пракуратура прызнана незаконным спыненьне справы курапацкіх вандалаў
- 6.02.2009, 13:33
Пракуратура Менскага раёну прызнана незаконным спыненьне крымінальнага перасьледу маладзёнаў, якіх падазраюць у зьнішчэньні помнікаў у Курапатах.
Рашэньне бараўлянскай міліцыі спыніць справу намесьнік пракурора Менскага раёну Эрнэст Кайро ў сваімі лісьце назваў «незаконным і неабгрунтаваным», перадае «Радыё Свабода».
29 студзеня справу накіравалі на дадаткова папярэдняе расьледваньне.
Нагадаем, позна ўвечары 1 лістапада актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.
Макаў і Сьвірыдаў выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў.
11 лістапада Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў». Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.
12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў.
Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўнагадовых навучэнцаў школы і ПТВ, заявіў начальнік сьледзтва Бараўлянскага аддзелу міліцыі Ігар Барадач.
Гэта далёка ня першы выпадак вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Аднак упершыню вандалаў удалося затрымаць.
Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы «Пакутнікам Беларусі». Што да мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», то было дванаццаць выпадкаў вандалізму.
У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.
Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.