BE RU EN

Алег Воўчак: «БТ хлусіць. У хатах Аўтуховіча і Лявонава канфіскавалі звычайныя паяльнікі»

  • 9.02.2009, 11:23

Праваабаронцы пракаментавалі інфармацыю, што прагучала ўчора ў эфіры БТ.

Учора ў праграме «Панарама тыдня» вядучы Юрый Пракопаў паведаміў, што падпадзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю затрымала жыхароў Ваўкавыска, якія падазраюцца ў арганізацыі і здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў. Са спасылкай на прэс-службу МУС, у прыватнасці, было паведамлена аб падпалах і выбухах маёмасці дзяржаўных чыноўнікаў. БТ паведаміла, што пры ператрусах у іх нібыта былі знойдзеныя выбухоўка і агнястрэльная зброя.

Хаця прозвішчы затрыманых учора у Валкавыску людзей не былі названыя, відавочна, что размова шла пра лідэраў прадпрымальнікаў Мікалаі Аўтуховічы, Юрыі Лявонаве і Уладзіміры Асіпенкі.

Пракаментаваць абвінавачванні, што прагучалі на БТ, прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў праваабаронцу Алега Воўчака.

«БТ хлусіць. Ніякай выбухоўкі ці зброі ў хатах Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі канфіскавана не было, проста таму што яго там не было наогул. Былі канфіскаваныя звычайныя паяльнікі і волава, якое, як вядома, выкарыстоўваецца пры паянні. Наогул паказальна, як аператыўна спрацавала Беларускае тэлебачанне. Гэта кажа аб тым, што акцыя супраць лідэраў прадпрымальнікаў была спланаванай.

Больш за тое, прадпрымальнікаў вінавацяць у падпале хаты міліцыянта, які адбыўся ў 2004 годзе. Але як нам стала вядома, па дадзенай справе ўжо асуджаны чалавек! Зараз мы высвятляем ягонае прозвішча і меру стрымання.

10 лютага Мікалая Аўтуховіча павінныя былі датэрмінова вызваліць. Мабыць, для таго, каб яго не вызваляць, і здзейснілі гэтую правакацыю», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак.

9 лютага сваякі затрыманых складуць дамовы з адвакатамі. «Мяркуецца, што Мікалая Аўтуховіча будзе абараняць Павел Сапелка, а Ўладзіміра Асіпенку — Тамара Сідарэнка. Гэтыя адвакаты вядомыя журналістам па справе «Партнёрства». Юрый Лявонаў, па маіх звестках, пакуль ад адваката адмовіўся, паколькі лічыць гэтую справу цалкам абсурднай», — сказаў праваабаронца.

Па словах Воўчака, ноч затрыманыя правялі ў турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

У МУС пакуль адмаўляюцца ад каментароў з нагоды затрымання.

Нагадаем, затрыманне прайшло на кватэрах і ў мясцовым прыватным аўтапарку, дзе М.Аўтуховіч працуе кіроўцам. Яго правялі раніцай 8 лютага прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС з дапамогай байцоў спецпадпаддзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз". Санкцыі на затрыманне і ператрус даў пракурор Гарадзенскай вобласці. У Аўтуховіча, у прыватнасці, быў канфіскаваны кампутар і асабістая перапіска.

Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі.

Апошнія навіны