У кватэры вядомага беларускага журналіста Андрэя Пачобута парэзалі дзьверы
- 9.02.2009, 13:15
Невядомыя парэзалі нажом уваходныя дзьверы кватэры журналіста польскага выданьня «Gazeta Wyborcza» Андрэю Пачобуту ў Горадні.
Таксама, па словах Андрэя Пачобута, ягонай васьмігадовай дачцэ на мабільны тэлефон некалькі разоў званіў невядомы мужчына. Журналіст сказаў яму, што напіша заяву ў міліцыю і адключыў тэлефон. На наступны дзень выявілася, што ўначы з таго ж нумару тэлефанавалі потым яшчэ тройчы.
Таксама Андрэю Пачобуту пастаянна паступаюць званкі на гарадзкі тэлефон. «Калі бярэш слухаўку, ніхто не адказвае, толькі маўчаньне», -- прызнаўся журналіст. Дзякуючы аўтаадказьніку, яму вядома, зь якіх нумароў рабіліся званкі. Аднак, калі ён сам туды тэлефанаваў, ніхто не адказваў, а нумар мабільнага тэлефону, які таксама быў зафіксаваны, адразу адключылі.
Андрэй Пачобут гаворыць, што ў сям’і стварылася напружаная атмасфэра, дачка стала баяцца. Ен мяркуе, што ціск на сям’ю можа быць зьвязаны і зь яго журналісцкай дзейнасьцю, і з актыўным удзелам у працы Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які па-ранейшаму не прызнаецца беларускімі ўладамі.