«Советская Белоруссия» выдаліла са свайго сайта пасквіль пра Яну Палякову
- 10.03.2009, 8:43
Артыкул пра Яну Палякову, які выйшаў за дзень да самагубства праваабаронцы, знік з сайта «Советской Белоруссии».
6 сакавіка ў газеце адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» (№42 (23186)), агульны тыраж якой сам галоўны рэдактар Павел Якубовіч ацэньвае ў 500 000 асобнікаў, пад рубрыкай «Злоба дня» выйшаў артыкул «Много у нас диковин, каждый чудак Бетховен!». Артыкул, вытрымаы ў жанры фельетона, распавядаў пра салігорскую праваабаронцу Яну Палякову. Аўтар артыкула, які падпісаўся Ксенафонтам Суперфасфатавым, у паблажлівым і нават здзеклівым тоне інтэрпрэтаваў ціск на праваабаронцу з боку салігорскай міліцыі.
Фельетон-данос быў апублікаваны ў самой шматтыражнай газеце Беларусі. Аўтар артыкула абразіў не толькі канкрэтнага чалавека, але і паліў брудам усіх беларускіх праваабаронцаў. На наступны дзень пасля выхаду артыкула, 7 сакавіка салігорская праваабаронца скончыла жыццё самагубствам.
Пасля смерці Яны Паляковай ні галоўны рэдактар газеты Павел Якубовіч, ні супрацоўнік, які падпісаўся Суперфасфатавым, не прынеслі свае прабачэнні. Больш за тое, 9 сакавіка артыкул «Много у нас диковин, каждый чудак Бетховен!» знік са старонак сайта «Советской Белоруссии». Калі перайсці па спасылцы www.sb.by/post/82019, на якой раней размяшчаўся артыкул, то бачны надпіс «Інфармацыя не знойдзеная».
Нагадаем, што раней праваабаронцы заяўлялі, што дзеянні ўладаў па ціску на Яну Палякову трапляюць пад артыкул 145 КК РБ – «Давядзенне да самагубства».