Лукашэнка адмовіўся ад сустрэчы з прэзідэнтам ПА АБСЕ
- 10.03.2009, 15:03
Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі АБСЕ сустрэлася толькі з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі.
Як распавёў прэзідэнт ПА АБСЕ Жаао Саарэш на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, першапачаткова меркавалася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Як патлумачылі дэлегацыі ПА АБСЕ, яна не адбылася «з-за шчыльнага графіка прэзідэнта».
Як перадае БелаПАН, на сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Уладзімірам Макеем дэлегацыя ПА АБСЕ абмеркавала пытанне паглыблення «дыялогу паміж беларускімі ўладамі і ПА АБСЕ як складовай часткі дыялогу з еўрапейскімі структурамі».
Прадстаўнікі дэлегацыі падкрэслілі неабходнасць дэмакратызацыі ўсіх сфераў грамадскага жыцця, у прыватнасці змянення выбарчага заканадаўства.