BE RU EN

Мінэканомікі: Сёння стаіць пытанне аб выжывальнасці беларускай эканомікі

  • 10.03.2009, 15:59

Па выніках студзеня-лютага адзначаецца сур'ёзнае падзенне аб'ёмаў вытворчасці ў беларускай прамысловасці.

Пра гэта намесніца міністра эканомікі Таццяна Старчанка заявіла падчас паседжання Рэспубліканскага савета дырэктараў Беларускай навукова- прамысловай асацыяцыі (РСД БНПА) у Менску.

«Сёння стаіць пытанне аб выжывальнасці беларускай эканомікі. Букет фінансавых складанасцяў адбіўся, перш за ўсё, на рэальным сектары», - сказала Т.Старчанка.

Паводле яе словаў, «відавочна, што запаволенне ў прамысловым сектары адбілася ў цэлым на эканамічным росце - прырост ВУП у студзені склаў 4,2%, а па выніках студзеня-лютага - 1,4%».

«Па выніках студзеня-лютага ўжо адзначаецца падзенне аб'ёмаў вытворчасці ў прамысловасці», - канстатавала намесніца міністра.

«Гэтыя праблемы закранаюць усе галіны, у першую чаргу найбуйнейшыя валаўтваральныя прадпрыемствы ў машынабудаванні і металургіі, прамысловасці будматэрыялаў, лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасці», - дадала яна.

«На жаль, усе сутыкнуліліся з праблемай крызісу і зразумелі, што пачынаць працу па падвышэнні канкурэнтаздольнасці беларускай эканоміцы трэба было значна раней», - сказала Т.Старчанка, адзначыўшы, што эканоміка Беларусі пачала працаваць над рашэннем задачы пераходу на інавацыйны шлях апошнія 3-4 гады.

Намесніца міністра нагадала, што ўрад Беларусі ўжо прыняў шэраг антыкрызісных мераў, пачаўшы працу «па прадухіленні абвалу ў рэальным сектары ў лістападзе 2008 года».

Між тым яна лічыць, што «гэтых мераў недастаткова, яны не могуць цалкам забяспечыць устойлівасць працы нацыянальнай эканомікі».

Па словах Т.Старчанкі, «усе планы адкрытыя для новых прапановаў, і мы будзем радыя, калі такія прапановы паступяць».

Варта адзначыць, што гэта афіцыйныя дадзеныя. Як заяўляе незалежны эканаміст Сяргей Чалы, ёсць усе падставы лічыць, што па выніках 2009 года варта чакаць рэзкага падзення ВУП - на 10-20%.

Апошнія навіны