Дэпутат Эўрапарлямэнту Ян Вірсма абураны дзеяньнямі беларускіх уладаў
- 11.03.2009, 8:46
Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Нідэрляндаў Ян Марынус Вірсма заклікаў беларускія ўлады зьняць абмежаваньні на аздараўленьне беларускіх дзяцей за мяжой.
Аб гэтым ён заявіў падчас сустрэчы зь беларускім амбасадарам у Брусэлі Уладзімерам Сянько, перадае «Радыё Свабода».
Як паведамляюць нідэрляндзкія інфармацыйныя агенцыі, Ян Вірсма выказаў незадаволенасьць у сваёй краіне ў зьвязку з прыпыненьнем аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей на Захадзе. Паводле ягоных слоў, дзяржавы ЭЗ павінны прыняць сумеснае рашэньне па гэтым пытаньні.
Апрача таго Вірсма паспрачаўся з амбасадарам Сяньком адносна праблем беларускай грамадзянскай супольнасьці. Сянько заявіў аб «кантрпрадуктыўнасьці» «дэмакратычна апантанай» эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Вірсма, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што галоўнай умоваў для аднаўленьня паўнавартасных дачыненьняў Эўразьвязу і Менску застаюцца патрабаваньні аб працягу палітычных рэформ.