У Беларусі зноў падаражэлі цыгарэты
- 11.03.2009, 9:25
Рознічныя кошты на цыгарэты ў Беларусі з 11 сакавіка 2009 года падвышаныя ў сярэднім на 10%.
Аб гэтым паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу міністэрства эканомікі.
«Пастановай міністэрства N40 з 11 сакавіка 2009 года прадугледжанае падвышэнне рознічных коштаў на цыгарэты, імпартуемыя ў рэспубліку, на цыгарэты, што вырабляюцца ў рэспубліцы па праграме імпартазамяшчэння, а таксама на некаторыя маркі цыгарэт, што вырабляюцца ААТ «Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», у сярэднім да 10%», - праінфармавалі там.
Кошты падвышаныя для кампенсавання падаражэння выдаткаў на тытунёвую прадукцыю за кошт павелічэння акцыза, кошту сыравіны і матэрыялаў, мытнага кошту ўвазных цыгарэт, растлумачылі ў Мінэканомікі.
У апошні раз рознічныя кошты на цыгарэты ў Беларусі падвышаліся ў канцы студзеня 2009 года, таксама ў сярэднім на 10%.