Маці Яны Паляковай распавяла, як здзекаваліся з яе дачкі
- 11.03.2009, 13:45
Маці, сябры і аднадумцы загінулай Яны Паляковай заяўляюць аб пастаянным пераследзе праваабаронцы з боку супрацоўнікаў міліцыі і пракуратуры Салігорска.
Самагубства Яны Паляковай не пакінула абыякавым нікога. А вось ці прымаюцца афіцыйныя меры, каб расследаваць акалічнасці, якія падштурхнулі праваабаронцу да такога кроку?
Кіраўнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры РБ Генадзь Вярцінскі запэўнівае, што кожны факт самагубства правяраецца наконт таго, не ці быў чалавек даведзены да гэтага.
«Калі чалавек сканчае жыццё самагубствам, абавязкова пачынаецца праверка, па выніках якой вырашаецца, заводзіць крымінальную справу ці не. Гэта абавязкова», - заявіў ён у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Тым часам у пракуратуры Салігорска на пытанне, ці вядзецца праверка па факце самагубства праваабаронцы Яны Паляковай, адказалі: «Без каментароў».
Калі праверка гібелі Паляковай усё ж пачалася, следчыя павінны апытваць тых, хто ў апошні час меў стасункі з нябожчыцай.
Суддзя Аляксандр Бураўцоў, які 3 сакавіка прысудзіў Яну Палякову да 2,5 гадоў «хіміі» нібыта за паклёп на міліцыянта Віктара Пугачова, таксама сыходзіць ад адказу.
«Яшчэ раз паўтару: нічога каментаваць я не буду», — сказаў Бураўцоў.
Былы міліцыянт Віктар Пугачоў, якога, паводле рашэння суду, «абылгала» Яна Палякова, сцвярджаючы, што гэты міліцыянт збіў яе ў райаддзеле, 9 сакавіка адмаўляўся каментаваць сітуацыю са смерцю Яны Паляковай. Даведацца, ці апыталі ў пракуратуры Віктара Пугачова з прычыны самагубства Яны Паляковай, немагчыма: па тэлефоне сваякі былога міліцыянта адказваюць, што Пугачова няма дома.
На пахаванні Яны Паляковай, якое прайшло 9 сакавіка на Дубейскіх могілках пад Салігорскам, людзі патрабавалі падрабязнага расследавання акалічнасцяў, якія падштурхнулі праваабаронцу да самагубства. Знаёмая Паляковай Зінаіда Цімошчык узгадвала, што чула ад Яны аб начных тэлефанаваннях з пагрозамі.
«На судовым працэсе Яна прасіла, каб праверылі тэлефанаванні, якія паступалі ёй з міліцыі. Маглі і ў 2 начы патэлефанаваць і выклікаць на допыт. Тут у каго заўгодна нервы могуць не вытрымаць», - кажа жанчына.
Суддзя Аляксандр Бураўцоў скаргі Яны Паляковай на гэтыя пагрозы не прыняў да ўвагі, паведаміла Зінаіда Цімошчык.
Пра тое, што Яну Палякову маглі выклікаць уначы на допыт, пацвердзіла і маці праваабаронцы Неаніла Палякова.
«Апошні раз, памятаю, Дзяшук патэлефанаваў. Гэта было ў палову на 11-ю. Яна пайшла. Потым зноў хтосьці патэлефанаваў. Кажу: яна яшчэ не вярнулася, а вы хто? Адказваюць, што з пракуратуры. Маглі потым і ў чатыры гадзіны патэлефанаваць. Яна жартавала: «Ну вось, мама, так яны забаўляюцца. Блазанку з мяне зрабіць хочуць», - кажа маці праваабаронцы.
Па словах Неанілы Паляковай, у моргу, дзе абследавалі цела Яны, была праведзеная стандартная для выпадкаў самагубства экспертыза. Вынікі экспертызы жанчыне не вядомыя. Неаніла Палякова адзначае, што следчых не зацікавілі рэчыўныя доказы самагубства яе дачкі. У прыватнасці, плецены ланцужок, на якім Яна Палякова павесілася, дагэтуль застаецца ў доме.
У другой палове дня 10 сакавіка Таццяна Калініна з прэс-службы пракуратуры Менскай вобласці паведаміла наступную інфармацыю:
«Праверка па факце самагубства Паляковай Яны Вітальеўны праводзіцца пракуратурай Салігорска па артыкуле 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ».
Па словах Таццяны Калінінай, такая праверка можа праводзіцца ад 3 да 10 дзён, а пры неабходнасці - і больш за месяц. Праверка самагубства Яны Паляковай яшчэ не скончаная, сказала супрацоўніца Менскай абласной пракуратуры.
Нагадаем, праваабаронца з Салігорска Яна Палякова раніцай 7 сакавіка была знойдзеная павешанай. Ці пакінула яна перадсмяротную запіску, невядома.