BE RU EN

Камісар Еўразвяза Беніта Ферэра-Вальднер не прыедзе ў Беларусь (Абноўлена)

  • 11.03.2009, 15:13

Камісара Еўрапейскага Звяза па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер перанесла візіт у Менск.

«Урад Рэспублікі Беларусь і Камісар ЕЗ па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер дамовіліся аб пераносе яе візіту ў Менск, які планаваўся. Візіт адбудзецца ў сярэдзіне красавіка 2009 года», -- кажацца ў паведамленні, разасланым Міністэрствам замежных справаў Беларусі.

У прадстаўніцтве Еўракамісіі ў Менску прэс-цэнтру Хартыі’97 пацвердзілі гэтую інфармацыю. У афіцыйным паведамленні з Брусэля, якое было атрыманае прадстаўніцтвам, таксама паведамляецца, што візіт перанесены па згодзе абодвух бакоў. «Аб прычынах пераносу візіту пакуль нічога не кажацца», - паведамілі ў прадстаўніцтве Еўракамісіі.

Тым не менш, прэс-сакратар еўракамісара Крысціяна Хоман удакладніла БелаПАН, што візіт пераносіцца «з прычыны перагружанага працоўнага графіка».

Нагадаем, што 12-13 сакавіка еўракамісар збіралася правесці ў Беларусі. За апошні месяц гэта быў бы другі візіт у Беларусь высокапастаўленага брусэльскага чыноўніка. У лютым Менск наведаў вярхоўны прадстаўнік у пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Еўразвяза, Генеральны сакратар Рады Еўразвяза Хаўер Салана.

Напярэдадні візіту ў Менск, 9 сакавіка, Беніта Ферэра-Вальднер, выступаючы ў Каралеўскім інстытуце міжнародных адносінаў у Лондане, заявіла, што чакае ад беларускіх уладаў больш палітычных рэформаў.

Кажучы пра верагоднасць ўдзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства», Ферэра-Вальднер падкрэсліла, што «для таго, каб гэта адбылося, ЕЗ хацеў бы бачыць больш палітычных рэформаў». Цяпер, лічыць яна, гэты працэс у краіне можна вызначыць словамі «Два крокі наперад, адзін крок назад».

Апошнія навіны