BE RU EN

У «лепшай рэстарацыі года» ўвесь пэрсанал носіць значкі БРСМ (Фота)

  • 12.03.2009, 16:35

У барысаўскай рэстарацыі «Королевская охота» афіцыянты носяць значкі БРСМ, а діджэі граюць «День победы».

Блёгер Сяргей Салаш расказаў, якія рэстарацыі працуюць у Барысаве:

Ці ведаеце вы, запытваецца блёгер, што ў Барысаве знаходзіцца самая лепшая рэстарацыя ў Беларусі 2008 году? А мне вось давялося летась 9 траўня адведаць гэтую дзіўнаватую ўстанову…

Вось так выглядае знадворку «лепшая рэстарацыя Беларусі». Чырвона-зялёнае палотнішча і падсьветка ў вокнах, заўважце, таксама чырвона-зялёная...

Так, рэстарацыя Барысаўскага мясакамбіната «Королевская охота» прызнана найлепшай у Беларусі на рэспубліканскім конкурсе «Лучший ресторан, кафе года» летась 17 красавіка. Прызнаюся, для мяне гэта было адкрыцьцём. Нават ня проста адкрыцьцём, а вельмі нечаканым адкрыцьцём. Больш за тое, я ніколі ня ўяўляў нават таго ветру, які занясе мяне ў гэтую рэстарацыю, адзін вонкавы выгляд якой ужо наганяў спазматычныя рэакцыі. Аздобленая ў чырвона-зялёныя колеры, аблямаваная плякатамі «За сильную и процветающую Беларусь!», гэтая рэстарацыя магла абдарыць непрыемнымі сюрпрызамі. Прызнаюся, абдарыла. Ажно занадта…

Каб прачытаць знакаміты лукашэнкавы лёзунг, трэба добра-такі задраць голаў…

Абсалютна ўвесь пэрсанал рэстарацыі – ад ахоўніка да афіцыянтак – на грудзёх меў значкі сябраў БРСМ. Пытаюся ў маладзенькай пекнай распарадчыцы: «Што гэта ў Вас, лэдзі, на сьпінжачку?» Яна чырванее: «Вы знаете, мы все вступили в эту партию…»

Ну, думаю, ясна, цікаўлюся: «Няўжо вы верыце ў тое, што гэта найлепшая рэстарацыя ў Беларусі?» Гэтае пытаньне завяло дзяўчыну ў ступар. Маўчыць. Празь нейкі час няпэўна: «Может быть, по обслуживанию?.. У нас здесь цены обычные, а спиртное даже дешевле…»

Цяжкі позірк міністра гандлю Іванкова на здымку ў рамцы, разьмешчаным на сьцяне ў холе рэстарацыі. На каго ўпераны гэты позірк? Ці не на ягонага першага намесьніка Міхаіла Сьвянціцкага, які быў старшынём аргкамітэту конкурсу «Лучший ресторан, кафе года»? Гэта аднак невядома. Зрэшты, гэта і ня важна, бо вынік ёсьць: «Королевская охота» – «лепшая рэстарацыя ў Беларусі»!

За барнай стойкай замовіў сабе сьвежавыцісканы сок. Зьдзівіла тое, што яго тут робяць, але ўжо не зьдзівіла, што ціснуць толькі зь яблыкаў і апэльсінаў. Калі замовіў сок у другі раз, заўважыў усьмешку: «Опять сок? Может лучше чего-нибудь покрепче?»

«А вось гэта што такое ў Вас?»,– ківаю пытаньнем на пытаньне ў бок брсм-аўскай значкі. «Это молодежная организация наша». – «Патлумачце, а навошта Вам гэта трэба?» У адказ – залопалі вейкі на вачах, ніякаватая ўсьмешка, маўчаньне.

А гэта Дамашкевіч на фотагалерэі слынных наведнікаў рэстарацыі. На той час ён быў старшынём Менскага аблвыканкаму. Хлеб-соль – так і трэба сустракаць сваё начальства. Ці не таму ўсьцешаны менаблначальнік напісаў у кнізе наведнікаў: «Прошу! Сохраните традиции!» Відаць, сустрэча з хлебам-сольлю надта спадабалася Дамашкевічу…

Бягучы радок на электронным табло ў фае прасыгналіў пра дасягненьні Барысаўскага мясакамбінату ў выкананьні прагнозных паказьнікаў (падумалася, каму гэта цікава ведаць зь пьянаватых наведнікаў рэстарацыі?). Цікавей было дазнацца, што dj-set у рэстарацыі забясьпечвалі нейкія dj Melnikoff i dj S.A.Y. Я нават быў прыўзьняўся паглядзець, хто ж гэта там так стараецца пацешыць публіку сваімі музычнымі густамі, бо какафонія была ажно занадта спэцыфічная: Алеся зь «Сяброў», нейкая «Деми Мур», якая зь кімсьці «делилась секретами», нават прагучэў «этот День победы» разам з «Золотым кольцом»…

От яно шчасьце барысаўскіх дзяўчатаў! Абляпілі Барыса Майсеева ўчырванелыя… І Барыс учырванелы. Намагаўся прачытаць тое, што расейскі сьпявак напісаў аб наведваньні мясакамбінатаўскай установы, аднак ня здолеў – літары таксама былі «учырванелыя», распаўзьліся ў розныя бакі…

Седзячы на канапе ў фае на другім паверсе і адпачываючы ад цыгарэтнага куродыму, я ня мог не заўважыць у мэтры ад сябе значкастага ахоўніка рэстарацыі, які двойчы, напінаючы сінія жылы на ілбе і шыі, цягнуў перад сабой у плястмасавай скрыні скруткі кілбасаў і кавалкі мяса. І ўсё гэта на вачох наведнікаў! Зразумела, што ніхто на гэта не зьвярнуў ані каліва ўвагі, бо кантынгент такі. А можа і зьвярнуў. Як я. Моўчкі. Тамсама і тадысама моўчкі я вырашыў, што ў наступны раз у лепшую рэстарацыю Беларусі 2008 году пайду толькі пад канвоем.

А вось старшыньцы праўленьня АСБ «Беларусбанка» Надзеі Ермаковай было «вкусно» да такой ступені, што яна засталася «рада за Вас». Асабліва было радасна, мабыць, аб гэтым пісаць за сталом, заваленым паштоўкамі з савецкай сымболікай.

Пра стравы нават і сказаць няма чаго – усё ці перасоленае, ці затлустае, ці замаянэжанае… Зайдзіце ў якую-кольвек прадуктовую краму, набудзьце кілбасаў ці кураў-грыль, настругайце ў талерку – вось вам і будзе «Королевская охота».

Шкура забітага мядзьведзя паціху падпаўзае па сьцяне, выкладзенай пліткай а-ля мармур, да плякату «За сильную и процветающую Беларусь!» Незайздроснае жыцьцё пасьля сьмерці ў мядзьведзя... Паўзьці-паўзьці па сьцяне ў «процветающую» Беларусь, але так і не дапаўзьці… І куды глядзяць «зялёныя»? Ці ня варта зладзіць абструкцыю гэтай «лепшай» рэстарацыі?

Зрэшты, раю вам наведаць гэтую ўстанову. Прынамсі, для таго, каб адчуць эстэтычны і гастранамічны ўзровень гэтай улады. Калі ўжо гэтая мясакамбінатаўская ўстанова прызнаная найлепшай рэстарацыяй у Беларусі, значыць да ейнага ўзроўню павінны падцягнуцца і іншыя… Крый Божа іншых ад гэткага шчасьця!

Старшыня Праўленьня Нацыянальнага банка РБ Пётра Пракаповіч, як заўсёды, з сваёй глупаватай усьмешкай на твары. Што ў рэстарацыі, што на нарадзе ў гаспадара…

Былы дырэктар мясакамбінату і дэпутат Менскага абласнога савету Скітаў сустракае выканаўчага сакратара СНД Уладзімера Рушайлу. І тут бяз хлеба-солі не абыйшлося. Ведае Скітаў, каго і як накарміць трэба…

Шкуры і галовы закатаваных жывёлінаў. No comments

Чучала ваўка ахоўвае працоўнае месца маладзенькай распарадчыцы рэстарацыі. «Вы знаете, мы все вступили в эту партию…», – чамусьці прыгадаліся ейныя словы.

Дыплёмы, граматы, падзякі… Адгадайце з аднога разу, якая зь іх абыйшлася безь цяжкіх позіркаў і нацягнутых усьмехаў?

А гэта столь у мужчынскай прыбіральні. У ёй адлюстраваныя ўсе кабінкі. Пры жаданьні можна было б паўдзельнічаць у live-show праекце «Уборная №1» накшталт расейскага TV-праекту «Дом-2». У мяне жаданьня не было. А ў вас ёсьць?

І ўсё ж больш за ўсё я не зразумеў, што рабіў у гэтай рэстарацыі былы амбасадар ЗША Джордж Крол? Відаць, гастранамічныя эстэты з Барысаўскага выканкаму не змаглі адшукаць ва ўсім горадзе для амэрыканскага прадстаўніка лепшага месца. На шчасьце, для амэрыканца гэта экзотыка, для нас, на жаль, – рэаліі жыцьця…

Апошнія навіны