Узмацняецца ціск на ўдзельнікаў з’езду Cаюза палякаў у Беларусі
- 13.03.2009, 18:45
Напярэдадні правядзення 7 з’езда непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс узмацняецца ціск на ягоных ўдзельнікаў.
У поле зроку супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласьці трапіла сям’я сябра арганізацыі Станіслава Муліцы - яго наведаў афіцэр камітэта і спрабаваў даведацца, ці збіраецца ён удзельнічаць у з’ездзе. Аб гэтым актывіст непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі, які бягучым часам знаходзіцца ў шпіталі, паведаміў «Радыё Рацыя».
Супрацоўнікі КДБ пераследуюць таксама сына Станіслава Муліцы - Вітольда: хлопца спрабавалі завербаваць, а калі ён адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ - пачалі запалохваць.
Прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх працуюць дэлегаты з’езда, пагражаюць звальненнем сябрам незалежнай арганізацыі.На сённяшні дзень ужо звольнена некалькі чалавек. Як сведчаць сябры саюза палякаў з Шчучына, намеснік старшыні мясцовага райвыканкама Іван Сакалоўскі папярэдзіў удзельнікаў з’езда, што яны будуць арыштаваныя ў выпадку, калі паспрабуюць паехаць у Гародню 15 сакавіка - у дзень правядзення з’езда. Прэсавы сакратар саюза палякаў Ігар Банцар ацэньвае сітуацыю вакол правядзення з’езда як даволі складаную.
«Ёсць інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі КДБ напярэдадні з’езда спрабуюць завербаваць сяброў нашай арганізацыі. Акрамя гэтага, людзей палохаюць пазбаўленнем працы, прычым, як актывістаў арганізацыі, так і іх родных. Многім удзельнікам з’езда паведамілі, што яны абавязаныя ў нядзелю выйсці на працу не гледзячы на тое, што прымусовая праца ў выходны дзень не адпавядае працоўнаму заканадаўству», - зазначыў ён.
Як стала вядома «Радыё Рацыя», супрацоўнікі камітэта дзяржаўнай бяспекі і сілы хуткага рэагавання з Менску накіроўваюцца на выходныя ў Гародню дзеля ажыццяўлення узмоцненага кантролю за сітуацыяй.