Сустаршыню БХД не пусцілі на з'езд Саюза палякаў Беларусі
- 16.03.2009, 8:13
Аўтамабіль сустаршыні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Георгія Дзмітрука ўчора быў спынены на выездзе з Кобрына трыма машынамі ДАІ.
Нібыта ў міліцыю было ананімнае тэлефанаванне, што ў машыне знаходзяцца наркотыкі, паведамляе прэс-служба БХД.
«У машыне былі я, мая дачка і зяць. З картэжам з трох машын ДАІ мы прыехалі ў Кобрынскае РУУС, дзе сабралося ўсё міліцэйскае начальства. Міліцыя агледзела аўтамабіль, натуральна, нічога не знайшла. Аднак пастанова на агляд не была падпісаная пракурорам. Мне растлумачылі, што ў выходны дзень гэтага не патрабуецца», -распавёў сустаршыня БХД.
Георгій Дзмітрук напісаў заяву аб прыцягненні «ананіма», які паведаміў пра наркотыкі, да крымінальнай адказнасці. Аднак на з'езд незалежнага Саюза палякаў Беларусі, які праводзіўся ў гэты час у Гародні, палітык усё ж такі не патрапіў.