Хельсінскія камітэты заклікаюць беларускія ўлады зарэгістраваць «Нашу Вясну»
- 16.03.2009, 16:29
Адмова зарэгістраваць праваабарончы цэнтар «Наша Вясна» з’яўляецца доказам нежаданьня ўладаў дазволіць дзейнасьць ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці.
Хельсінскія камітэты Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Беларусі, а таксама Маскоўская Хельсінская Група, заклікаюць беларускія ўлады да перагляду рашэньня па рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Наша Вясна».
Хельсінскія камітэты занепакоеныя адмовай беларускіх уладаў зарэгістраваць «Нашу Вясну», пераемнік Праваабарончага Цэнтра «Вясна», які быў ліквідаваны рашэньнем Вярхоўнага Суда Беларусі больш пяці гадоў таму, у кастрычніку 2003, паведамляе старонка spring96.org.
«Такімі учынкам Беларусь паказвае, што працягвае пагарджаць міжнароднымі законамі ў сферы правоў чалавека, нягледзячы на запэўніваньні ў пазітыўных зьменах з боку ўладаў», - пішуць заяўнікі.
У жніўні 2007 Камітэт па Правах Чалавека ААН пастанавіў, што ліквідацыяй «Вясны» быў парушаны Артыкул 22 Міжнароднага Пакта аб Грамадзянскіх і Палітычных Правах, і заклікаў улады перарэгістраваць арганізацыю.
«З таго часу вясна ўжо двойчы зьвярталася па рэгістрацыю, і абодва разы безвынікова. У той жа час, з-за адсутнасьці дзяржаўнай рэгістрацыі НДА, сябры гэтай вядомай праваабарончай арганізацыі падвяргаюцца рызыцы перасьледу за іхнія «незаконныя дзеяньні» паводле Артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь», - нагадваюць Хельсінскія камітэты.
«Нашай Вясьне» адмаўляецца ў рэгістрацыі ў той час, калі Еўрапейскі Саюз пераглядвае свае адносіны з Беларусьсю, нагадваецца ў звароце.
«Гэтая новая адмова зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю з’яўляецца яшчэ адным доказам нежаданьня ўладаў дазволіць бесперашкодную дзейнасьць ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці», - канстатуюць заяўнікі.
Паводле Хельсінскіх Камітэтаў, прычыны нерэгістрацыі НДА, прадстаўленыя Міністэрствам Юстыцыі, з’яўляюцца неабаснаванымі.
«Напрыклад, здзяйсьненьне заснавальнікамі «Нашай Вясны» адміністратыўных парушэньняў у мінулыя гады, а таксама адсутнасьць падыходзячага памяшканьня для сходаў з’яўляюцца празьмернымі патрабаваньнямі, якія не ўтрымліваюцца ў заканадаўстве. Адмова была падпісаная Алегам Сьліжэўскім, старшынём аддзелу грамадскіх асацыяцый, які раней узгадваўся Еўрапейскім Саюзам як адна з асоб, адказных за перасьлед аб’яднаньняў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», - даводзяць праваабарончыя арганізацыі.
Хельсінскія Камітэты заклікаюць беларускія ўлады пераглядзець рашэньне па рэгістрацыі «Нашай Вясны».
«Стварэньне свабодных умоваў для законнай дзейнасьці праваабарончых груп засьведчыла б, што Беларусь гатовая да стварэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці й канкрэтных крокаў, скіраваных на паляпшэньне сітуацыі з правамі чалавека», - падкрэсьліваецца ў заяве.
Падпісанты:
Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак
Старшыня Маскоўскай Хельсінскай Групы Людміла Алексеева
Выканаўчы дырэктар Хельсінскага Камітэта Нідэрландаў Джос Костэрс
Генеральны сакратар Нарвескага Хельсінскага Камітэту Бьерн Энгенсланд
Генеральны сакратар Шведзкага Хельсінскага Камітэту Робэрт Горд.