«Малады Фронт» правёў акцыю салідарнасьці насупраць Дома ўраду ў Менску (Фота)
- 17.03.2009, 9:27
Каля 30 моладзевых актывістаў выйшла на пляц Незалежнасьці ў Менску з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і на знак пратэсту супраць палітычных прызываў.
Да іх адразу падбегла кіраўніцтва міліцыі Ленінскага раёну і супрацоўнікі АМАПу, але нікога не затрымлівалі, перадае «Радыё Свабода».
Моладзь трымала вялікую расьцяжку «Не палітычнаму прызыву!!!» Такім чынам яны выказваюцца супраць гвалтоўных прызываў у войска моладзевых актывістаў Франака Вячоркі, Зьмітра Хведарука й Івана Шылы.
Іншая мэта акцыі – патрабаваньне вызваліць палітвязьняў. Моладзь скандавала «Свабоду!» і трымала ў руках партрэты Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі і Арцёма Дубскага, якога, магчыма, у канцы гэтага месяца будуць судзіць за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня па «справе 14-ці» – крымінальнай справе, узбуджанай пасьля мірных дэманстрацыяў прадпрымальнікаў у мінулым годзе.
Акцыя доўжылася каля 20 хвілін, пасьля чаго ейныя ўдзельнікі спакойна разышліся.