BE RU EN

МЗС Чэхіі: «Нас турбуюць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі»

  • 17.03.2009, 10:06

Міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнберг заявіў, што прынятае кіраўнікамі МЗС краін ЕЗ рашэнне адносна Беларусі сведчыць аб «складанай сітуацыі» у рэспубліцы.

«Мы пагадзіліся, што Еўразвязу трэба працягваць сваю ангажаванасць у Беларусі і падтрымку станоўчых падзей у краіне», - перадае словы міністра замежных спраў «Радыё Свабода».

«З гэтай мэтай мы пагадзіліся працягнуць прыпыненне візавых абмежаванняў на ўезд некаторых беларускіх афіцыйных асоб яшчэ на дзевяць месяцаў. Адначасова мы вырашылі падоўжыць гэтыя абмежавальныя меры яшчэ на 12 месяцаў», -- сказаў Карл Шварцэнберг.

Кіраўнік МЗС Чэхіі падкрэсліў, што такі падыход адлюстроўвае «складаную сітуацыю ў Беларусі, якую мы назіралі на працягу апошніх тыдняў».

«Апошнія выпадкі парушэння правоў чалавека, безумоўна, нас турбуюць. ЕЗ гатовы да паглыблення адносінаў з Беларуссю ў залежнасці ад прагрэсу, які гэтая краіна будзе рабіць», - дадаў Карл Шварцэнберг.

Нагадаем, што раней 23 лютага 2009 года Карл Шварцэнберг на паседжанні Рады ЕЗ заявіў, што прызнанне беларускім парламентам незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ўскладніць удзел Беларусі ў новай ініцыятыве Еўразвяза «Ўсходняе партнёрства».

Апошнія навіны