BE RU EN

Раман Якаўлеўскі: Праз 9 месяцаў Еўразвяз можа моцна расчаравацца

  • 17.03.2009, 17:06

Незалежныя эксперты скептычна ставяцца да рашэння міністраў замежных справаў краінаў Еўрапейскага Звяза падоўжыць на дзевяць месяцаў адмену візавых санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

«Па-першае, кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ - не апошняя інстанцыя. Гэтае рашэнне яшчэ трэба будзе зацвердзіць на Еўрапейскай радзе. І поўнага адзінства па пытанні рэжыму Лукашэнкі ў Еўразвязе няма. А 9 месяцаў, якія Вы называеце доўгімі, у прыродзе, як правіла, прыводзяць да пэўнага выніку. Сёння Беларусь «цяжарная» «Усходнім партнёрствам». Мяркуючы па паводзінах абодвух бакоў гэтага працэсу, існуе вялікая верагоднасць, што, на жаль, можа адбыцца выкідыш», -- заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, што ўчора Кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ пацвердзілі рашэнне аб неўжыванні візавых санкцыяў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. Мараторый на дзеянне санкцыяў падоўжаны яшчэ на дзевяць месяцаў.

У цяперашні час у спісе неўяздных знаходзяцца міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка, якіх міжнародная супольнасць падазрае ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў вядомых беларускіх палітычных дзеячаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага. У спіс неўяздных уключаная таксама кіраўнічка Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, адказная за фальсіфікацыі вынікаў «выбараў».

Апошнія навіны