Курапаты будуць ахоўваць аўтапатрулі ДАІ
- 18.03.2009, 8:23
Ахова ўрочышча Курапаты даручаная аўтапатрулям ДАІ і Менскага РУУС, паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Аб гэтым вядзецца ў лісце за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Менскага аблвыканкама Таццяны Дедух, піша БелаПАН.
Па словах А.Астаповіча, ліст з аблвыканкама атрыманыў адказ на ягоны зварот аб неабходнасці арганізацыі аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».
У лісце, у прыватнасці, паведамляецца, што супрацоўнік Менскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС «ажыццявіў камісійнае абследаванне і вывучыў пытанне арганізацыі аховы» Куропат.
У сувязі з тым, што Антон Астаповіч «адмовіўся ад арганізацыі аховы на платнай аснове», адзначаецца ў лісце, вырашана ахоўваць урочышча экіпажамі дарожна-патрульнай службы ДАІ (аўтадарога Заслаўе — Калодзішчы) і аўтапатрулямі патрульна-паставой службы Менскага РУУС.
А.Астаповіч назваў станоўчым рашэнне Менскага аблвыканкама, паколькі «штомесячныя паслугі дэпартамента аховы МУС па абслугоўванні Курапат вылічваюцца нерэальнай сумай — у памеры каля 20 млн. рублёў». Ён мае намер дамагацца арганізацыі сталага пешага патрулявання ўрочышча сіламі патрульна-паставой службы Менскага РУУС або нарадамі ўнутраных войскаў вайсковай часткі 3310 — другой асобнай спецыяльнай брыгады міліцыі, якая дыслакуецца ў вёсцы Аколіца Менскага раёна, паколькі, перакананы А.Астаповіч, ахова ўрочышча аўтапатрулямі ДАІ і Менскага РУУС будзе ажыццяўляцца толькі перыядычна.