BE RU EN

Дэпутат Бундэстага: «Эўразьвяз не павінен прапаноўваць апошняму эўрапейскаму самадзержцу такі вялікі пернік»

  • 18.03.2009, 8:57

Дэпутат Бундэстагу Міхаэль Лінк лічыць, што беларускія ўлады яшчэ не правялі дэмакратычных рэформ для адмены санкцый супраць чыноўнікаў.

Камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу замарозіць візавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 35 ягоных паплечнікаў, дэмакрат, дэпутат Бундэстагу Міхаэль Лінк адзначае:

«Эўразьвяз не павінен прапаноўваць апошняму эўрапейскаму самадзержцу такі вялікі пернік. Каб сапраўды наблізіцца да ЭЗ, рэжым Лукашэнкі павінен спачатку зьдзейсьніць істотны прагрэс у пытаньні правоў чалавека. Тое, што назіралася дагэтуль, нельга назваць інакш, як касмэтычнымі саступкам».

Нямецкі палітык перакананы: ня можа ня цешыць, што да чытачоў у Беларусі вярнуліся дзьве крытычныя апазыцыйныя газэты. Аднак гэтага яўна недастаткова.

«І наадварот, апошнія абвінавачаньні супраць некаторых апазыцыйных палітыкаў з магчымасьцю турэмнага пакараньня – чарговы доказ усё яшчэ недастатковых дэмакратычна-прававых ведаў менскага кіраўніцтва».

Як лічыць дэпутат Бундэстагу Міхаэль Лінк, «запрашэньне Лукашэнкі на травеньскі саміт у Прагу на дадзеным этапе было б заўчасным. Замест таго каб «расьсьцілаць перад ім чырвоную дывановую дарожку», «разумная дыпляматыя лепш паказала б краіне, як той крок за крокам інтэгравацца ва «Ўсходняе партнэрства». І толькі вынікі, зробленыя Менскам на гэтым шляху, могуць стаць падставай для рашэньня адносна далейшага лёсу санкцыяў.

«Запрашэньне для прэзыдэнта Лукашэнкі варта рабіць па ходзе працэсу, улічваючы яго вынікі, але ні ў якім разе не папярэдне, калі сур’ёзныя рэформы толькі пачынаюцца», – перакананы палітык.

«Нягледзячы на тое, што ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» вельмі важны, — працягвае Лінк, – ягонай цаной ня могуць быць дэмакратыя і вяршэнства закону. Найлепшы паказчык сапраўдных рэформаў у Беларусі – жаданьне яе кіраўніцтва выконваць свае абавязаньні краіны-сябры АБСЭ ў забесьпячэньні вольных выбараў. Толькі калі Беларусь, у адпаведнасьці зь яе заявамі, разам з экспэртамі БДІПЧ пойдзе на рэфармаваньне свайго выбарчага заканадаўства, можа адкрыцца шлях да супрацоўніцтва», – лічыць нямецкі парлямэнтар Міхаэль Лінк.

Апошнія навіны