Дыктатар паехаў у Маскву абмяркоўваць ваенныя адносіны з Расеяй
- 18.03.2009, 15:17
У Крамлі заяўляюць, што на сустрэчы Лукашэнкі і Мядзведзева будуць абмяркоўвацца пытанні ваеннага супрацоўніцтва.
Дзмітры Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка разгледзяць на перамовах, якія маюць адбыцца ў чацвер у Маскве, меры па рэалізацыі двухбаковай дамовы аб стварэнні адзінай сістэмы СПА, а таксама аб фармаванні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ.
«Пры абмеркаванні двухбаковага ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва асаблівую ўвагу плануецца надаць мерам па рэалізацыі падпісанай 3 лютага гэтага года ў Маскве міждзяржаўнай дамовы аб сумеснай ахове знешняй мяжы «саюзнай дзяржавы» у паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны РФ і Беларусі», - сказала «Інтэрфаксу» крыніца ў Крамлі.
Паводле яе словаў, уступленне ў сілу гэтага дакумента пасля правядзення неабходных унутрыдзяржаўных працэдураў «закліканае заўважна падвысіць абараназдольнасць Расеі і Беларусі».
Крыніца адзначыла, што падчас перамоваў прэзідэнтаў адбудзецца абмен меркаваннямі па шырокім коле пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. З улікам цяперашняга старшынства Беларусі ў ЕўрАзЭс і якое мае быць (пасля Арменіі) - у АДКБ, мяркуецца, у прыватнасці, разгледзець ход рэалізацыі рашэнняў, прынятых на пазачарговых самітах гэтых арганізацыяў у Маскве 4 лютага - аб заснаванні антыкрызіснага фонду і цэнтра высокіх тэхналогіяў ЕўрАзЭс, а таксама аб фармаванні КСАР АДКБ.
Нагадаем, апошняе паседжанне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» прайшло 3 лютага ў Маскве, тады была падпісаная дамова аб сумеснай ахове знешніх межаў «саюзнай дзяржавы» і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Тады ж ў Маскве на паседжанні кіраўнікоў дзяржаваў-чальцоў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы была падпісаная дамова аб стварэнні калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) ОДКБ.