BE RU EN

Лукашэнка апрануў на сустрэчу з Мядзведзевым камуфляжную форму (Фота, відэа)

  • 19.03.2009, 17:12

На сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым у рэзідэнцыю Завідава ў Цвярской вобласці Аляксандр Лукашэнка апрануўся ў камуфляжную форму і ўзяў малодшага сына Колю.

Фатаграфіі, на якіх Лукашэнка ў форме шпацыруе з Мядзведзевым, распаўсюдзіла агенцтва «Рэйтэр». Расейскія СМІ паведамілі, што камернай атмасферы кабінета лідэры двух краінаў аддалі перавагу шпацыру на свежым паветры. Лукашэнка ў камуфляжы і Мядзведзеў у цывільным прагульваліся па парку, пілі гарбату і грэліся ля вогнішча.

Раней прэс-цэнтр Хартыі’97 ужо паведамляў, што ў Маскву Аляксандр Лукашэнка прыехаў разам са сваім малодшым сынам, 5-гадовым Колем. Некалькімі днямі раней беларускі кіраўнік браў свайго сына на сустрэчу з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам.

Афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу Лукашэнкі і Мязведзева – вельмі мала. Расейскія інфармацыйныя агенцтвы перадалі ўсяго некалькі заяваў двух кіраўнікоў.

«Беларусь і Расея ва ўмовах сусветнага крызісу павінны выканаць дамоўленасці, дасягнутыя на апошнім паседжанні Вышэйшага Дзяржсавета «саюзнай дзяржавы», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго словаў, на лютаўскім паседжанні ВДС былі зробленыя рашучыя крокі, дасягнутыя сур'ёзныя дамоўленасці. Каб яны не засталіся на паперы, «трэба кантраляваць, рэалізоўваць іх у гэтых складаных умовах», дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расея вельмі скаапераваныя. «Беларусь забяспечвае працай каля дзесяці мільёнаў людзей у Расеі. Да 70% камплектуючых для такіх гігантаў як МАЗ, БелАЗ закупляецца ў Расеі. І мы будзем падтрымліваць кааперацыю», - сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што эканомікі двух краінаў узаемазвязаныя, і ніхто не збіраецца іх разрываць.

У сваю чаргу Дзмітры Мядзведзеў пацвердзіў, што апошняе паседжанне Вышэйшага дзяржсавета было вельмі змястоўным, як ніколі ў апошнія годы. Бакі вышлі на шэраг сур'ёзных дамоўленасцяў як у эканамічнай, так і ў гуманітарнай сферах. «Усе дамоўленасці патрабуюць рэалізацыі, ператварэння ў рэальныя кантракты, пастаўкі», - падкрэсліў Прэзідэнт Расеі.

Дзмітры Мядзведзеў адзначыў, што за апошні час прэзідэнты «набралі патрэбную частату сустрэчаў». Ён прапанаваў беларускаму калегу «прайсціся па парадку дня дамоўленасцяў, дасягнутых на ВДС, абмеркаваць бягучыя справы, сусветныя і рэгіянальныя праблемы».

Падчас перамоваў абмеркаванае шырокае кола пытанняў, у ліку якіх ход рэалізацыі рашэнняў Вышэйшага Дзяржсавета «саюзнай дзяржавы», праблемы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і сумесныя меры па пераадоленні ўплыву сусветнага фінансавага крызісу, узаемадзеянне ў паліўна-энергетычнай і фінансава-крэдытнай сферах, кантакты ў сферы культуры. Кіраўнікі дзяржаваў абмяняліся меркаваннямі пра стан прамысловай кааперацыі, адносна паставак прадукцыі беларускага машынабудавання ў Расею.

Адной з важных умоваў паспяховай рэалізацыі дасягнутых на паседжанні ВДС дамоўленасцяў з'яўляецца забеспячэнне спрыяльнага і раўнапраўнага рэжыму гандлёва-эканамічнай дзейнасці для суб'ектаў гаспадарання двух краінаў.

Разглядаліся таксама пытанні ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. У цяперашнім годзе Беларусь і Расея правядуць найбуйнейшае ў гісторыі беларуска-расейскай рэгіянальнай групоўкі войскаў аператыўна-стратэгічнае вучэнне «Захад-2009», якое пройдзе на тэрыторыі двух дзяржаваў.

Пасля заканчэння перамоваў Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў працягнулі стасункі ў нефармальнай абстаноўцы.

Фота Reuters

Фота svaboda.org

Апошнія навіны