BE RU EN

Фантастычны поспех беларусаў у Швецыі (Фота)

  • 2.03.2009, 9:40

У швецкім Лундзе адбылася сусветная прэм'ера спектакля Eurepica.Challenge.

Беларускі «Свабодны тэатр» стварыў яго сумесна з мэрыяй горада, які можа стаць «Культурнай сталіцы Еўропы 2014 года».

У конпрадукцыі праекту Eurepica.Challenge таксама прынялі ўдзел: Manteatern, які ўзяў на сябе тэхнічнае забеспячэнне спектакля; Еўрапейскі культурны фонд, што прыняў удзел у фінансаванні праекту, і сетка культурных цэнтраў Еўропы Trans Europe Halles.

Спектакль Eurepica.Challenge быў створаны па 14 творах драматургаў, што прадстаўляюць 13 краін Еўропы і ЗША. Зорны склад аўтараў змог канвертавацца ў наймагутны спектр п'ес, аб'яднаных агульнай ідэяй – галоўнымі выклікамі, што стаяць перад гэтымі краінамі. Найшырэйшы жанравы дыяпазон паставіў складаную задачу перад пастановачнай групай – сумясціць у адным спектаклі п'есы, што прадстаўляюць жанравы спектр ад камедыі да трагедыі, ад белага верша да дакументальнага матэрыялу.

Агулам пастановачны перыяд склаў 5 тыдняў: першы двухтыднёвы цыкл прайшоў у верасні 2008 года, завяршальны – трохтыднёвы – у лютым. Яшчэ адзін рэпетыцыйны цыкл быў сарваны беларускімі ўладамі, калі, у кастрычніку, з Беларусі былі дэпартаваныя акторкі «Свабоднага тэатра» – амерыканка Стэфані Пан і аўстралійка Эстэр Мугамбі.

У поўнае распараджэнне «Свабоднага тэатра» быў аддадзена цэлы будынак – Folkparken. Яго пераабсталяваннем у тэрмінал аэрапорта заняўся швецкі мастак Морган Шагерберг. Ён змог узнавіць у будынку ўсе атрыбуты аэрапорта: ад пасадкавага «рукава» і пункту рэгістрацыі пасажыраў да багажных адсекаў і металадэтэктараў.

Поўны бюджэт праекту склаў некалькі сот тысяч еўра. Сюды ўвайшлі выдаткі на пераабсталяванне залы, закупка абсталявання, касцюмаў і рэквізіту, аплату працы персанала, прыём беларускай трупы і рэкламу праекту. Асноўную частку выдаткаў узяла на сябе мэрыя Лунда, што разглядала спектакль Eurepica.Challenge у якасці вядучага праекту, які падтрымлівае заяўку Лунда на званне «Культурнай сталіцы Еўропы – 2014».

Падрыхтоўка трохгадзіннага спектакля ў экстрэмальна сціснутыя тэрміны паставіла рэжысёра Ўладзіміра Шчэрбаня ў складаную сітуацыю, калі немагчыма перасунуць дзень прэм'еры, павялічваючы колькасць рэпетыцыйных дзён. «Мы заўсёды ставім спектаклі па еўрапейскіх стандартах – за 3-5 тыдняў. Нашыя акторы звыклыя да такога рэжыму, таму праблем тут не паўстала. Нават нягледзячы на тое, што вялікая частка спектакля ідзе на ангельскай мове. Значна больш праблем нам даставіла тэхнічнае абсталяванне спектакля, на засваенне якога нам прыйшлося выдаткаваць ільвіную частку рэпетыцыйнага часу», – так пракаментаваў рэжысёр спектакля Ўладзімір Шчэрбань завяршальны рэпетыцыйны цыкл. Трэба аддаць належнае трупе, якая па ходзе рэпетыцый змагла асвоіць цэлы арсенал мікрафонаў, відэакамер, праектараў і прыладаў для спецэфектаў.

Мікалай Халезін, мастацкі кіраўнік і прадзюсар праекту, калі дзяліўся ўражаннямі ад праведзенай працы, не хаваў задавальнення: «Мы атрымалі неацанімы досвед, бо да-прадукцыйная практыка – гэта складаны шлях, калі ўсе ўдзельнікі працэсу павінныя атрымаць ад яго сваю выгаду, у якім бы выглядзе яна не была. Гэта быў надзвычай складаны палутарагадавы працэс, вынік якога перасягнуў нават самыя адважныя чаканні. Ужо па першых водгуках і прапановах я бачу, што ў гэтага праекта можа быць вельмі цікавы лёс».

Прэм'ерныя паказы спектакля суправаджаюцца цэлым букетам мерапрыемстваў. Тут жа, у Folkparken, праходзіць выстава «Belarus today/Belarus always» (Беларусь сёння/Беларусь заўсёды), у якую ўключаныя фатаграфіі, зробленыя на вуліцах Менска ў апошнія гады, і маляўнічыя працы беларускага мастака Аляксея Фёдарава, што прадстаўляюць галерэю партрэтаў выбітных беларусаў, якія ўслаўляюць краіну ў свеце. Акрамя выставы, на ўсталяваных маніторах можна паглядзець фільм Юрыя Хашчавацкага «Плошча» і сюжэты розных тэлеканалаў аб «Свабодным тэатры» і Беларусі. Кожны са спектакляў суправаджаецца фаер-шоў і дэманстрацыяй відэаінсталяцый.

Таксама ў гэтыя дні ў Folkparken праходзяць семінары, канферэнцыі і грамадскія дыскусіі на тэмы Беларусі, узаемаадносін еўрапейскіх дзяржаў і пошуку новых шляхоў у творчасці. Адной з важных тэм, якія абмяркоўваюцца тут, з'яўляецца тэма «Пятай свабоды», прапанаванай Лундам у якасці гуманітарнай ідэі аб'яднанай Еўропы, што дапаўняе традыцыйныя чатыры эканамічныя еўрапейскія свабоды. Прэм'ерныя паказы спектакляў, разам з грамадскімі дыскусіямі, прыцягваюць у Folkparken не толькі тэатральных гледачоў, але і швецкіх палітыкаў. Першыя два дні паказаў тут правяла экс-міністр замежных спраў Швецыі Лайла Фрэйвальдс, якая актыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні беларускага пытання на самых высокіх узроўнях.

Дырэктар тэатра і прадзюсар праекту Eurepica.Challenge Наталля Каляда лічыць, што дадзены праект можа даць Беларусі новыя шанцы на рэалізацыю свайго патэнцыялу: «Я думаю, што праект Eurepica.Challenge з'яўляецца для Беларусі беспрэцэдэнтным і знакавым. Дагэтуль падобнага ўзроўня да-прадукцыйнай працы беларускія творчыя калектывы не праводзілі, і ўжо тым больш не прадстаўлялі еўрапейскі горад на званне «Культурнай сталіцы Еўропы». Мы стварылі вельмі важны прэцэдэнт, і яшчэ больш пашырылі «вакно ў Еўропу». Цяпер застаецца толькі пераўтварыць гэтае акно ў дзверы, і ўвайсці ў іх».

Чарга на «рэгістрацыю квіткоў»

Сцэна са спектакля

Акторка Стэфані Пан

Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі

Сцэна са спектакля

Акторка Эстэр Мугамбі

Сцэна са спектакля

Сцэна са спектакля

Сцэна са спектакля

Алег Сідорчык

Дзяніс Тарасенка

Фінал

Выстава «Belarus today/Belarus always»

Відэаінсталяцыя Моргана Шагерберга

Віцэ-мэр па культуры робіць прамову ў гонар беларускага «Свабоднага тэатра» (справа – мэр Лунда)

Апошнія навіны