Багданкевіч: «Беларусь стаіць на парозе абвальнага банкруцтва»
- 2.03.2009, 10:53
Эканамічны крызіс у Беларусі пачаўся яшчэ ў 2007 годзе і прычына яго – адміністрацыйна-камандная сістэма Лукашэнкі.
Пра прычыны і хворыя месцы беларускага эканамічнага крызісу ў артыкуле для Camarade.biz распавёў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар Станіслаў Багданкевіч:
І Аляксандр Лукашэнка, і Сяргей Сідорскі, і іншыя беларускія кіраўнікі высокага рангу не раз заяўлялі пра тое, што крызіс у беларускую эканоміку прыйшоў звонку. Маўляў, каб не «нахімічылі» з каштоўнымі паперамі на сваіх біржах амерыканскія і іншыя заходнія фінансавыя спекулянты, дык айчынная эканоміка дагэтуль квітнела б.
Не магу з гэтым пагадзіцца. Усё спазнаецца ў параўнанні. Адміністрацыйна-камандная сістэма, якая душыць ініцыятыву людзей і кансервуючая адсталасць, не сёння прывяла нашую краіну да адставання па найважнейшых сацыяльна-эканамічных паказчыках. У параўнанні з Літвой і Польшчай, якія абралі дэмакратыю і рынак, у Беларусі сярэдняя зарплата і пенсія апынуліся ў 2-3 разы ніжэй пры прыкладна аднолькавых коштах на спажывецкія тавары. Прычым нашыя заходнія суседзі не маюць столькі ільготных умоваў, як нашая краіна. Беларусь дагэтуль атрымлівае расейскія энерганосьбіты па выгодных коштах. У іншыя гады знешнія субсідыі даходзілі да 8-10 мільярдаў даляраў.
Аднак на карысць яны не пайшлі. Эканамічная палітыка ў краіне і раней, і зараз накіраваная пераважна на захаванне састарэлай вытворчай структуры. Тармазілася развіццё малога і сярэдняга бізнэсу. Айчынныя эканоміка і фінансы, а разам з імі і ўся сацыяльная сфера, небяспечна залежаць ад таварнага экспарту. Калі ў Расеі яго доля ў ВУП складае 30%, у Кітаі, які апанаваў сваімі вырабамі ўвесь свет, - каля 37%, дык у Беларусі - 70%. Акрамя таго, наш экспарт залежны ад імпарту сыравіны, энерганосьбітаў і камплектуючых і мае нізкую дабаўленую вартасць. Па сутнасці, шматлікія беларускія прадпрыемствы завозяць усё неабходнае за тысячы кіламетраў з Расеі, тут збіраюць сярэдняй якасці вырабы і вязуць іх прадаваць назад ў Расею.
Такая эканоміка эфектыўнай быць не можа. Імпарт вырас да абсалютна непрымальных памераў і складае 65-70% да аб'ёму ВУП. З-за празмерных адабранняў сродкаў у бюджэт (узровень - больш за 50% ВУП) слаба вырашаліся пытанні мадэрнізацыі, тэхналагічнага і тэхнічнага абнаўлення прадпрыемстваў.
Слабасць айчыннай эканомікі выяўлялася на працягу шматлікіх гадоў у выглядзе стратнасці, страты абаротнага капіталу, закрэдытаванасці, росту складскіх запасаў, павелічэння дэбіторска-крэдыторскай запазычанасці, высокай інфляцыі. Эканоміка ўсё больш губляла сваю канкурэнтаздольнасць.
У адкрытай форме крызіс у Беларусі выявіўся ў 2007 годзе – задоўга да абвалу на сусветных і расейскім фондавых рынках. Пазалетась дэфіцыт рахунку бягучых аперацыяў вырас у параўнанні з 2006 годам адразу ўдвая. Адмоўнае знешнегандлёвае сальда па таварах дасягнула 10% да аб'ёму ВУП. Ва ўзаемным гандлі з Расеяй яно падвоілася. Памер сукупнага знешняга доўгу ўзрос амаль на 6 мільярдаў даляраў ці ў 1,8 разы, а ўнутранага - у паўтары разы.
Летась гэтыя негатыўныя працэсы толькі пагоршыліся. Адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі павялічылася яшчэ ў паўтары разы і дасягнула 6,6 мільярда даляраў, а ва ўзаемным гандлі з Расеяй перавысіла 13 мільярдаў даляраў. Высокімі тэмпамі працягваўся рост знешняй і ўнутранай запазычанасці. Рэшткі непрададзенай прадукцыі на складах павялічыліся да 5 трыльёнаў рублёў, а пратэрмінаваная запазычанасць нават крыху перавысіла гэтую велізарную суму. За апошнія тры гады інфляцыя падвоілася і ў мінулым годзе дасягнула 13,3%. На тавары паўсядзённага попыту кошты за мінулы год выраслі яшчэ больш - прыкладна на 20%.
Усё гэта заканамерна прывяло да дэвальвацыі рубля і звязанага з ёй усеагульнага зніжэння ўзроўня жыцця насельніцтва.
Зараз магчымасці коштавай расейскай падтрымкі сканчаюцца. У свеце адбываецца рэцэсія і кошты на асноўныя беларускія экспартныя тавары падаюць. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык краіна стаіць на парозе абвальнага банкруцтва. Знешнія запазычанасці, накіраваныя на латанне фінансавых дзірак і спажыванне, крызіс у Беларусі не спыняць. Як і касметычныя паляпшэнні дзейснай мадэлі гаспадарання. Важна разумець, што фінансавыя і валютныя праблемы краіны - другасныя. Галоўная праблема Беларусі - адсталая затратная эканоміка і памылковая мадэль развіцця.