BE RU EN

«Коммерсант»: Расея не выдзеліць Беларусі 100-мільярдны крэдыт

  • 20.03.2009, 8:15

Расейскі газ Беларусь увесь год будзе купляць па 210 даляраў, а новы крэдыт улады не атрымаюць.

У сваёй падмаскоўнай рэзідэнцыі «Завідава» прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядведзеў учора прымаў Аляксандра Лукашэнку.

Як піша газета «Коммерсант», за тры гадзіны зносінаў расейскаму боку атрымалася адгаварыць Лукашэнку браць у Масквы крэдыт у памеры 100 млрд руб. (каля 3,5 мільярдаў даляраў), угаварыць яго плаціць $210 за тысячу кубаметраў расейскага газу і, магчыма, прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію.

«Вы гатовыя парадаваць Беларусь 100 мільярдамі? — пацікавіўся карэспандэнт «Коммерсанта» у кіраўніка Мінфіна Аляксея Кудрына напярэдадні сустрэчы двух кіраўнікоў

«Якія 100 мільярдаў? Няма ніякіх мільярдаў!— заявіў міністр. - Вось дзіўна — да крызісу дапамогу мералі дзясяткамі мільярдаў, а ў яго разгар так папросту перайшлі на сотні».

Адзін з высокапастаўленых супрацоўнікаў адміністрацыі прэзідэнта РФ таксама ў інтэрв'ю журналістам заявіў:

«Грошы, якія яны ад нас чакаюць, павінныя пайсці на выплаты пенсій, дапамогаў, карацей, на выкананне сацабавязанняў. Але нас зусім не цешыць, што беларускія ўлады займаліся папулізмам за наш кошт. Думаю, ніякіх грошай мы ім не дадзім».

Па меркаванні выдання, судзячы па складзе расейскай дэлегацыі, у Аляксандра Лукашэнкі было крыху шанцаў застацца пасля гэтай сустрэчы пры расейскіх грошах. Акрамя Аляксея Кудрына на дапамогу Дзмітрыю Мядведзеву гатовыя былі прыйсці віцэ-прэм'ер Ігар Сечын і памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька. Не менш важную ролю, як стала зразумела пазней, сыграў і намстарш кіраўніцтва «Газпрама» Аляксандр Мядведзеў.

Перамовы Лукашэнкі і Мядведзева за зачыненымі дзвярыма доўжыліся амаль тры гадзіны. І па меры сваёй непатрэбнасці, прыкладна раз у гадзіну, рэзідэнцыю Дзмітрыя Мядведзева адзін за іншым пакідалі ўдзельнікі расейскай дэлегацыі.

«Ці знайшліся ў вас у выніку 100 млрд для Аляксандра Лукашэнкі? — пацікавіліся журналісты ў міністра фінансаў Кудрына

«Пытанне прадастаўлення Беларусі крэдыту вывучаецца»,— адказаў Кудрын.

Апошняе слова ён вымавіў па складах, не ўдакладніўшы, як доўга будзе разглядацца беларуская заяўка і ці будзе па ёй прынятае станоўчае рашэнне ў выпадку прызнання Менскам незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Паведаміўшы напрыканцы, што РФ і Беларусь рыхтуюць дамову аб рублёвых разліках за энергарэсурсы, Аляксей Кудрын адбыў у Маскву.

Наступнымі ад прэзідэнтаў вышлі Ігар Сечын і Аляксандр Мядведзеў. У апошняга ўчора было асабліва шмат працы. Як высвятліў «Коммерсант», у першым квартале гэтага года беларускія ўлады зрабілі выгляд, што не заўважылі падвышэння кошту на газ са $128 да $210 за тысячу кубаметраў і аплацілі пастаўкі па ранейшым тарыфе. У выніку за два зімовых месяцы Менск стаў вінен «Газпраму» каля $70 млн, што пачынала нерваваць расейскую манаполію. Аднак, як распавёў Аляксандр Мядведзеў, перамовы ў Завідаве вырашылі ўсе праблемы.

«Мы аб усім дамовіліся і знялі ўсе няўвязкі»,— паведаміў Мядведзеў.

Атрымліваецца, што надалей Менск будзе купляць расейскі газ па $210 за тысячу кубаметраў. Яшчэ бакі ўмовіліся, што хуткім часам «Газпрам» давядзе сваю частку у братэрскім «Белтрансгазе» да абумоўленых 50% акцый (у студзені «Газпрам» разлічыўся за чарговыя 12% і цяпер яму належыць 37,5%). Такім чынам, і газавае пытанне пакуль можна лічыць закрытым.

Акрамя таго, як паведаміў «Коммерсанту» чыноўнік, які таксама пабыў за зачыненымі дзвярыма і які не пажадаў адкрыць свайго імя, на перамовах Масква падняла пытанне аб прыватызацыі расейскім капіталам малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі і амаль яго вырашыла. Працоўная група, якая складзе спіс прывабных для расейскага бізнэсу аб'ектаў, можа прыступіць да працы ўжо ў пачатку красавіка. Больш за тое, літаральна на днях у Менск накіруецца Сечын, які абгаворыць там «сумесныя інвестыцыйныя праекты» ужо ў нафтавай сферы.

Суразмоўца газеты таксама распавёў, у якой форме Беларусі адмовілі ў крэдыце:

— Проста мы пераканалі Лукашэнку ў тым, што рашэнне аб гэтым трэба прымаць з улікам сітуацыі ў свеце. Акрамя таго, неабходна, каб беларусы прадаставілі нам абгрунтаванне для атрымання гэтых грошай і пераканалі нас у тым, што змогуць адплаціцца, калі мы іх ім дадзім. Гэта важна.

Іншымі словамі, Аляксандру Лукашэнка ўчора ўсё ж пакінулі невялікую надзею. Апраўдаецца яна ці не, шмат у чым залежыць ад таго, як пройдзе сесія беларускага «парламента», якая пачнецца 2 красавіка. Учора крыніца «Ъ» у асяроддзі Аляксандра Лукашэнкі паведаміў, што, нягледзячы на незадаволенасць Еўразвяза, у позву дня «парламентарыяў» будзе занесенае пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Больш за тое, ён намякнуў, што гэтае пытанне можа быць вырашана станоўча для Расеі. Зрэшты, ёсць у Менска сюрпрыз і персанальна для Еўропы. Увосень у Беларусі пройдуць сумесныя з Расеяй маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2009».

Апошнія навіны