Мінпрацы не ведае, колькі чалавек звольнена з-за крызісу
- 20.03.2009, 8:25
Афіцыйныя прафсаюзы Беларусі і Міністэрства працы не ведаюць, колькі людзей засталося без працы з-за крызісу.
Яшчэ 29 студзеня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пастанавіла назіраць за сітуацыяй на прадпрыемствах - з-за крызісу. Але на сайце ФПБ гэтая рэкамендацыя з'явілася толькі 17 сакавіка, паведамляе «Еврорадио».
ФПБ тлумачыць прафсаюзным актывам: асноўная мэта, каб людзей не звальнялі, не зніжалі заробкі, не пераводзілі на няпоўны працоўны тыдзень.
Аднак Магілёўскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў заяўляе: «Мы такую статыстыку не вядзем».
Такую ж пазіцыю выказалі і ў Менскім абласным аб'яднанні прафсаюзаў: «Дакладных дадзеных у нас няма. Мы гэты ўлік не вядзем».
Лепш сітуацыя ідзе ў Брэсце – там хоць бы ведалі, што ў студзені 19 тысяч чалавек перавялі на скарочаны тыдзень. На пытанне аб больш свежых дадзеных развялі рукамі:
«Такой інфармацыі ў мяне няма зараз», – заявілі ў Брэсцкім абласным аб'яднанні прафсаюзаў.
Лідэр недзяржаўнага Прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч заяўляе, што за два першых месяцы 2009 года не няпоўны працоўны тыдзень у Беларусі было пераведзена каля 45 тысяч чалавек.
«Па нашых разліках, за люты на няпоўны працоўны тыдзень было пераведзена амаль 45 тысяч працаўнікоў і каля 60 тысяч былі адпраўленыя ў адпачынак па ініцыятыве наймальніка. Колькасць прадпрыемстваў, якія адправілі сваіх супрацоўнікаў у адпачынак, складае 240-250», -- заяўляе Генадзь Фядыніч.
Больш за ўсіх недапрацоўваюць у Магілёўскай вобласці - у 45% прадпрыемстваў няпоўны працоўны тыдзень. У незалежных прафсаюзаў ёсць звесткі, што на Віцебшчыне плануецца скарачаць людзей на заводах «Маналіт» і «Эвістар».
«Мы задаемся пытаннем, чаму людзі не становяцца на ўлік беспрацоўных, - кажа Фядыніч. - Зараз дапамога па беспрацоўі складае 47,6 тысяч беларускіх рублёў. Гэта каля 20% бюджэту пражытковага мінімуму, 50 цэнтаў у дзень. Таму большасць займаецца нелегальнай працоўнай дзейнасцю».
Цікава, што дадзеных аб звольненых і скарочаных няма нават у Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы.