BE RU EN

Актывісту «Маладога Фронта» пагражаюць выключэньнем з школы за ўдзел у Дні Волі

  • 20.03.2009, 8:42

На днях салігорскага актывіста «Маладога Фронту» Андруся Тычыну выклікалі ў гарвыканкам на «прафіляктычную» гутарку да намесьніцы кіраўніка аддзела адукацыі Алы Бародзіч.

Чыноўніца адкрытым тэкстам прыгразіла адзінаццаціклясьніку выключэньнем і заявіла, што ў выпадку ягонага зьяўленьня 25 сакавіка на Дне Волі ў Менску пра атэстат аб сярэдняй адукацыі можна будзе забыцца, піша старонка saligorsk.org.

Гэта ўжо ня першы выпадак пагрозаў на адрас Андруся Тычыны з боку кіраўніцтва гораду. Апошні час аналягічныя гутаркі адбываліся пасьля ўдзелу маладзёна ў акцыі-пэрформансе супраць незаконнага прызыву ў войска моладзевых лідэраў Івана Шылы, Зьмітра Хведарука і Франака Вячоркі.

Падобна на тое, што Андруся Тычыну чакае шлях Івана Шылы, якога напярэдадні апошняга іспыту незаконна выключылі з школы, а праз паўгады гвалтоўна ізалявалі ў войска. Бо покуль на рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў такога кшталту беларускае грамадзтва і міжнародная супольнасьць адэкватнага і эфэктыўнага адказу не знайшлі.

Апошнія навіны